Аўторак, 06 Кастрычнік 2020 19:25

Адышоў у вечнасць ксёндз Генрых Куляшэвіч SDB

Аўтар Catholic.by

Супольнасць салезіянаў ксяндза Боско ў Беларусі са смуткам паведамляе, што 6 кастрычніка ва ўзросце 92 гадоў адышоў у вечнасць ксёндз Генрых Куляшэвіч, салезіянін, першы і шматгадовы пробашч адроджанай парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні.

Пахаванне спачылага святара адбудзецца ў пятніцу 9 кастрычніка ў 12.00 ў парафіі Маці Божай Міласэрнасці ў Сувалках (Польшча).

У пахаванні возьме ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які прамовіць казанне на пахавальнай святой Імшы.

Менавіта па распараджэнні арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча кс. Генрых Куляшэвіч стаў першым пробашчам адроджанай у Смаргоні парафіі святога Міхала Арханёла, дзе аддана нёс душпастырскае служэнне на працягу 13 гадоў.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, для якога спачылы з’яўляецца духоўным айцом і выхаваўцам, а таксама салезіяне ксяндза Боско ў Беларусі запрашаюць святароў, кансэкараваных асоб, вернікаў і ўсіх, хто ведаў ксяндза Генрыха Куляшэвіча, на святую Імшу за супакой душы памерлага, цэлебрацыя якой адбудзецца ў пятніцу 9 кастрычніка ў 18.00 ў касцёле святога Міхала Арханёла ў Смаргоні.

Вечны адпачынак дай яму, Пане…

Крыніца: Catholic.by

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Прывязанасць да зямнога нярэдка змяншае, а нават і гасіць прагненне нябеснага

Св. Ян Боско