На ўрачыстасці сабраліся шматлікія парафіяне і духавенства. Святую Імшу, якая цэлебравалася на палявым алтары, узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.
Напачатку Эўхарыстыі кс.Павел Шчарбіцкі SDB прывітаў гасцей і ўсіх прысутных вернікаў і заахвоціў да шчырай малітвы за краіну.
У гаміліі біскуп Аляксандр прапанаваў вернікам паразважаць над пытаннем “Чаму важна быць у Касцёле?”. Ён засяродзіў увагу прысутных на трох прычынах, якія даюць адказ на пастаўленае пытанне. Першая – гэта Хрыстус, які з’яўляецца тым, хто пажадаў стварыць Касцёл, каб вернікі мелі супольнасць для ўзрастання ў веры. Другая прычына, па якой важна быць у Касцёле, гэта – праўда. Біскуп адзначыў, што свет мяняецца, але Божае Слова – галоўная праўда веруючых, ніколі не зменіцца. І трэцяя прычына – любоў, якая напаўняе і дае сілы ісці наперад.
Паводле традыцыі, Міхал Арханёл з’яўляецца абаронцам Касцёла і аберагае ад зла, таму ў гэты дзень вернікі Смаргоні асаблівым чынам маліліся за святы Касцёл і нашу краіну, просячы праз яго заступніцтва аб дары адзінства і міру для ўсіх беларусаў.
Урачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол святыні.
Напрыканцы свята кс. Павел Шчарбіцкі, пробашч парафіі, падзякаваў парафіянам за шчырасць малітвы і адкрытасць на дапамогу ў падрыхтоўцы ўрачыстасці.