Аўторак, 08 Верасень 2020 16:16

Марк Найдзіч SDB і Міхаіл Радзевіч SDB склалі вечныя манаскія абяцанні

Аўтар

 У панядзелак 7 верасня Марк Найдзіч SDB і Міхаіл Радзевіч SDB падчас урачыстай святой Імшы склалі вечныя манаскія абяцанні на рукі Генеральнага настаяцеля салезіянскага таварыства ксяндза Анхеля Фярнандэса Арцімэ.

Вечныя манаскія абяцанні – адзін з найважнейшых момантаў у жыцці манаскай асобы, якая жадае прысвяціць сваё жыццё выключнаму служэнню богу і людзям. Сабраты Марк і Міхаіл назаўсёды звязалі сябе абяцаннямі чысціні, паслухмянасці і беднасці. Нажаль, перажыць гэты важны момант разам са сваімі роднымі, блізкімі, моладдзю і суайчыннікамі не атрымалася з-за пандэміі каранавірусу, але ўсе жадаючыя маглі далучыцца да Імшы ў фармаце анлайн праз ютуб. Варта адзначыць, што вельмі шмат людзей скарысталася дадзенай магчымасцю і назірала за гэтай важнай для салезіянскай Беларусі падзеяй. Моладзь збіралася ў араторыі, каб разам малітоўна з’яднацца з хлопцамі ў гэты момант. 

Генеральны настаяцель адзначыў, што Марк і Міхаіл маюць унікальную магчымасць складваць свае вечныя шлюбы ў турынскай базыліцы Марыі Успамогі Хрысціянаў, месцы, дзе выхоўваліся шматлікія пакаленні салезіянаў, якое пабудаваў сам ксёндз Боско і якое памятае славутых салезіянскіх святых.

У гаміліі ксёндз Анхель адзначыў, што сапраўдны салезіянін ніколі не выбірае шлях паклікання дзеля камфорту, дзеля таго, каб не мець ніякіх клопатаў, бо калі б гэта было так, то гэта не быў бы сапраўдны салезіянін ксяндза Боско. “Таму заахвочваю вас жыць салезіянскае жыццё менавіта з сэрцам ксяндза Боско. Ён гўляў з моладдзю ў дворыку каля базылікі, маліўся тут, усё сваё жыццё прысвяціў таму, каб даць хлопцам самае лепшае. Ён стараўся прыблізіць хлопцаў да Езуса праз сакрамэнт споведзі і ахвяроўваў сваё жыццё дзеля збаўлення душ. Калі салезіянін жыве сваё пакліканне з сэрцам ксяндза Боска, то ён сапраўды шчаслівы і мае радаснае сэрца, таму заахвочваю вас даць усё самае лепшае, што маеце, моладзі!” – звярнуўся да маладых сабратоў Генеральны настаяцель.

Пасля Марк і Міхаіл зачыталі прысягу і былі прыняты ў салезіянскае таварыства як сабраты з вечнымі манаскімі шлюбамі.

Для Марка і Міхаіла, а таксама для ўсіх, хто далучыўся да трансляцыі з Беларусі, было вельмі прыемна пачуць у момант ахвяравання духоўны гімн Беларусі “Магутны Божа”, які прагучаў як знак салідарнасці з беларускім народам і каталіцкім Касцёлам на Беларусі. У нашых святынях гімн звычайна ўпрыгожвае вялікія і значныя ўрачыстасці.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Калі хочам прасіць дапамогі нашага Добрага Бога Айца, павінны быць гатовыя ахвяраваць усё.

Св. Ян Боско