Панядзелак, 17 Жнівень 2020 14:29

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB: пастыры маюць права і абавязак быць са сваім народам

Аўтар catholic.by
Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB: пастыры маюць права і абавязак быць са сваім народам Фота Віталія Палінеўскага

 Адказны за пастырства Інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB звяртаецца да дзяржаўных ўладаў Рэспублікі Беларусь і сілавых структур у справе незаконна затрыманых грамадзянаў Беларусі, сярод якіх былі таксама святары.

Перажываючы складаны час напружанасці ў нашым грамадстве, выкліканай шматлікімі парушэннямі ў ходзе праведеных 9 жніўня выбараў, мы з трывогай даведаліся, што падчас мірных акцый пратэсту 9 жніўня двое каталіцкіх святароў, якія належаць да аднаго з таварыстваў апостальскага жыцця, былі затрыманыя ў Баранавічах і асуджаныя на 8 і 10 сутак адпаведна. Да 16 жніўня яны знаходзіліся ў ізалятары часовага ўтрымання.

Каталіцкі Касцёл рашуча асуджае і кожны раз будзе асуджаць затрыманне святароў і духоўных асобаў усіх канфесій, якія падчас мірных акцый як пастыры маюць права быць са сваім народам, які шукае праўду.

Пастырская канстытуцыя Другога Ватыканскага Сабору пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes — «Радасць і надзея» — на самым пачатку сцвярджае, што «радасць і надзея, смутак і трывога людзей гэтага часу, асаблівы бедных і прыгненчаных, з’яўляецца таксама радасцю і надзеяй, смуткам і трывогай Хрыстовых вучняў, і ўсё па-сапраўднаму чалавечае знаходзіць водгук у іх сэрцах» (GS 1).

Святары як Хрыcтовыя вучні ўзятыя з людзей і для людзей пастаўленыя і таму павінны заставацца заўсёды са сваёй паствай у добрай долі і ў нядолі ажно да канца. Прыклад гэтага далі росіцкія мучанікі — беларускія каталіцкія святары марыяне ксёндз Антоні Ляшчэвіч МІС і ксёндз Юрый Кашыра МІС, якія падчас Другой сусветнай вайны разам са сваімі вернікамі мужна прынялі смерць ад рук нацысцкіх карнікаў.

Заклікаем прадстаўнікоў уладаў і сілавых ведамстваў з павагай падыходзіць да пазіцыі духавенства і іх паствы, якія згодна са сваім сумленннем і ў імя свабоды народа мірна яе выказваюць і адстойваюць.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB
Адказны за пастырства Інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Каардынацыйная група
вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў у Беларусі

Крыніца: Catholic.by

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Мы павінны шукаць спосабы, як заваёўваць людзей і павялічваць кола сяброў у чыненні дабра. Бо наш абавязак — усім рабіць дабро.

Св. Ян Боско