Панядзелак, 15 Чэрвень 2020 13:38

У Смаргоні адзначылі ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста

Аўтар Вольга Броўка, салезіянскі аніматар

11 чэрвеня ў смаргонскай парафіі Cвятога Міхала Арханёла адзначылі ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Езуса Хрыста. Цэлебравалі галоўную святую Імшу кс. Здзіслаў Вэдэр SDB і кс. Артур Ляшнеўскі SDB.

 Падчас гаміліі, засярджваючыся на асобе Езуса Хрыста, кс. Здзіслаў звярнуў увагу на тое, што Бог вельмі моцна нас любіць і мы павінны быць удзячнымі за магчымасць не толькі духоўна, але і фізычна далучацца да Цела Езуса Хрыста.

Пасля Імшы адбылася ўрачыстая працэсія. З-за пандэміі працэсія праходзіла толькі на прыкасцёльнай тэрыторыі з захаваннем санітарных нормаў. Вернікі мелі магчымасць назіраць чатыры алтары з рознай сімволікай, якія адлюстроўвалі жыццёвыя этапы Езуса Хрыста. Першы алтар быў прысвечаны нараджэнню Езуса, гэта значыць уцелаўленню Хрыста. Другі алтар прадстаўляў апошнюю вячэру Езуса са сваімі вучнямі, трэці - ахвяраванне Цела Хрыста на крыжы. Апошні алтар адлюстроўваў уваскрасенне Езуса Хрыста, які абяцаў нам удзел з Ім ў вечным жыцці. 

Пасля ўрачыстай працэсіі святары благаславілі вернікаў Найсвяцейшым Сакрамэнтам, благаслаўляючы на чатыры бакі свету.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Усе тыя, хто спаўняе пэўныя заданні, калі хоча, каб іх слухалі і шанавалі, няхай тое ж чыніць перад сваім кіраўніцтвам.

Св. Ян Боско