Серада, 08 Красавік 2020 00:06

У Смаргоні адбыліся велікапостныя рэкалекцыі

Аўтар Марта Адахоўская, салезіянскі аніматар

З 2 па 4 красавіка ў парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні прайшлі велікапосныя рекалекцыі, якія праводзіў кс. Аляксандр Мятліцкі SDB. Рэкалекцыяніст прапанаваў вернікам разважанні на тэму адносінаў з Богам і бліжнім на прыкладах са Святога Пісання і звычайных сітуацый нашай рэчаіснаці. 

 Разважанні ў першы дзень былі прысвечаныя думкам аб гатоўнасці кожнага да смерці. Кс. Аляксандр прапанаваў вернікам задумацца, што б кожны з іх рабіў і што б змяніў у сваім жыцці, калі б даведаўся, што праз некалькі гадзін памрэ. 

Другі дзень рэкалекцый быў прысвечаны непасрэдным адносінам Бога і чалавека: як я малюся, ці стаўлюся да Бога, як да свайго сябра, ці давяряю Богу, а не толькі веру ў Яго. У апошні дзень рэкалекцый увага парафіянаў была скіравана на адносіны да сваіх бліжніх у сем’ях, касцёле, на працы. Вялікі націск быў зроблены на тэматыку прабачэння.

Таксама ў другі дзень для ўсіх вернікаў быў падрыхтаваны Крыжовы шлях вакол касцёла са спевамі і разважаннямі на тэму “Хто я для Езуса?”. Вакол парафіяльнай святыні для гэтага набажэнства падрыхтавалі адмысловыя стацыі, выявы якіх нагадвалі вернікам аб падзеях ерузалемскага падарожжа на Кальварыю.

Падчас усіх дзён рэкалекцый кожны парафіянін мог скарыстацца сакрамэнтам споведзі, каб з чыстым сэрцамі сустрэць пасхальныя святы. У апошні дзень кс. Аляксандр выказаў падзяку вернікам Смаргоні за іх ветлівы прыём і адкрытыя сэрцы і паабяцаў сваю малітву ў гэты нялёгкі для ўсіх час пандэміі.

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Быць сябрам ксяндза Боско, гэта значыць дапамагчы збавіць тваю душу.

Св. Ян Боско