Аўторак, 24 Сакавік 2020 14:02

24 сакавіка 2020 года адбудзецца акт прысвячэння ўсёй салезіянскай сям’і Марыі Успамозе Хрысціянаў

Аўтар

 (ANS - Рым) – Генеральны настаяцель салезіянскага таварыства ксёндз Анхель Фярнандэс Арцімэ заклікае салезіянаў па ўсім свеце да малітвы  надзвычайнай Навэннай да Марыі Успамогі Хрысціянаў. Кс. Анхель запрашае аднавіць, як гэта рабіў ксёндз Боско, прысвячэнне салезіянскай сям’і апецы Найсвяцейшай Панны ў часы выпрабаванняў і пакут праз пандэмію каранавіруса.

 Кс. Анхель прапануе перажыць гэты момант у адзінстве з Папам Францішкам, які заклікае паўсюдны Касцёл і ўсіх людзей добрай волі да супольнай малітвы. “На пандэмію віруса мы хочам адказаць усеагульнай малітвай спачування і пяшчоты. Будзем аб’яднанымі. Пакажам нашу блізкасць да самотных і тых людзей, якія перажываюць найбольшае выпрабаванне», - адзначыў Папа падчас малітвы “Анёл Панскі” 22 сакавіка 2020 г.

Няхай кожная супольнасць, кожная група салезіянскай сям'і, кожная сям'я знойдзе правільны спосаб і час прамовіць  гэты акт прысвячэння Марыі Успамозе Хрысціянаў.

У аўторак 24 сакавіка, у дзень, калі штомесяц салезіяне традыцыйна ўшановаюць Марыю Успамогу, ў Рыме Генеральны настаяцель узначаліць малітву на Ружанцы, пасля чаго ад імя ўсёй салезіянскай сям’і ён прамовіць акт прысвячэння перад выявай Марыі Успамогі ў Сакра-Куорэ, месцы, дзе ксёндз Боско 16 мая 1887 года падчас цэлебрацыі святой Імшы зразумеў сэнс сну, які ўбачыў ва ўзросце дзевяці год. Тады святар пятнаццаць разоў прыпыняў святую Імшу з-за слёз і хвалявання.

Як кс. Боско ў свой час, так і салезіянская сям’я сёння непахісна верыць, што Марыя з’яўляецца магутнай заступніцай Касцёла, Успамогай Хрысціянаў і перш за ўсё абараняе нашую душу і цела ад усялякага зла і цярпенняў, дапамагае нам у змаганнях супраць злога і давядзе нашыя душы да неба.

Малітва на святым Ружанцы і акт прысвячэння будуць трансліравацца на шасці мовах на юцьюб-канале ANS і на старонцы ANS у фэйсбуку.

Акт прысвячэння Салезіянскага таварыства Марыі Успамозе Хрысціянаў

О Успамога, Маці Касцёла, Натхненне і Апякунка Салезіянскай сям’і, па-мацярынску пачуй ускліканні сэрцаў усіх сабратоў. Асвячай і сцеражы іх апостальскую ахвярнасць. Ты ведаеш і падтрымліваеш сваёю апекаю выхаваўча-пастырскую праграму, якая ім даручана. Ты ведаеш іх слабасці, абмежаванні і цярпенні. Ты любіш моладзь, што даверана іх апецы як найкаштоўнейшы скарб. Таму, о Найсвяцейшая Дзева і Маці Бога, магутная Успамога Святога Айца, біскупаў і ўсіх іх супрацоўнікаў, вазьмі пад сваю моцную апеку гэтае пакорнае і працавітае Таварыства святога Францішка Сальскага, якое з сыноўнім даверам прагне ўрачыста прысвяціць сябе Табе. А Ты, якая была Настаўніцаю ксяндза Яна Боско, навучы ўсіх членаў Салезіянскай сям’і наследаваць Твае цноты.

Амэн.

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Так званы просты чалавек, але  добрасумленны і пакорны  робіць болей дабра і найвялікшыя рэчы, чым  ганарысты, так званы вучоны

Св. Ян Боско