Панядзелак, 03 Люты 2020 22:24

Свята ў гонар св. Яна Боско прайшло ў Бараўлянах

Аўтар Аніматар Аліна Тамашэвіч

У нядзелю 2 лютага ў парафіі Марыі Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах адбылося свята ў гонар святога Яна Боско.

Згодна з салезіянскай традыцыяй святкаванне распачалося са святой Імшы. Падчас казання ксёндз Казімір Шыдэлко SDB нагадаў прысутным біяграфію святога Яна Боско і звярнуў увагу на словы святога: “Добрыя хрысціяне і сумленныя грамадзяне”, якія з’яўляюцца дэвізам для салезіянскай сям’і на гэты год. 

Працяг праграмы адбыўся ў араторыі святога Дамініка Савіо, які дзейнічае пры парафіі. Падчас свята ў Бараўляны завітаў сам Дон Боско. А прыбыў ён на перадачу “Хто жадае стаць мільянерам”, каб зарабіць грошы для будаўніцтва новай святыні ў Бараўлянах. На працягу ўсёй праграмы ў удзельнікаў быў час, каб пасмяяцца і задумацца, патанчыць і пабегаць, а таксама адчуць сябе часткай адной вялікай сям’і. Нягледзячы на тое, што на апошняе пытанне ксёндз Боско ўсё ж не адказаў і нічога не зарабіў, на заканчэнне ён падкрэсліў, што найбольшім скарбам кожнай парафіі з’яўляюцца людзі: дзеці, моладзь, бацькі, бабулі і дзядулі, сёстры і ксяндзы. Таму што нішто не можа быць лепшым скарбам, чым любячая і дружная сям’я!

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Акрамя Езуса не маем лепшай апоры на гэтым свеце і, таксама, не маем лепшага суцяшэння, чым поўны давер Той, якая раздае нам Яго ласкі

Св. Ян Боско