Аўторак, 18 Верасень 2018 07:47

Дні духоўных практыкаванняў для членаў Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў прайшлі ў Лебедзеве

Аўтар Наталля Субко – Старшыня АДМА ў Смаргоні

15 і 16 верасня ў вёсцы Лебедзева прайшлі дні духоўных практыкаванняў для членаў Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў (ADMA). Група сабралася разам з духоўным кіраўніком с.Веранікай Блізнюк FMA у мясцовай парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса для таго, каб праз малітву глыбей асэнсаваць асабістую прыналежнасць да Асацыяцыі.

Практыкаванні распачаліся св.Імшой. Затым усе сабраліся ў парафіяльным доме на канферэнцыі. Для разважання с. Вераніка прапанавала ўрывак з Евангелля ад Мацвея 25, 14-30. З новай патрабавальнай сілай прагучалі добра вядомыя словы: “Бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца... А бескарыснага слугу выкіньце вон у цемру...”.

Абавязкам кожнага члена Асацыяцыі з’яўляецца малітва да Найсвяцейшай Панны Марыі. Многа раз за два дні ўдзельнікі практыкаванняў звярталіся са словамі падзякі да Марыі Успамогі Хрысціянаў, асаблівым момантам стала ружанцовая малітва ў капліцы парафіяльнага дома. А затым – момант Эўхарыстычнай Адарацыі. На адарацыі вучыліся ў кс. Боско любіць Эўхарыстычнага Хрыста, годна Яго прымаць, а таксама больш давяраць Яму і Найсвяцейшай Маці.

У гэтыя дні адбылася яшчэ адна важная падзея для групы ADMA. Згодна з Правіламі Асацыяцыі Марыі Успамогі быў абраны Савет, вызначаны функцыі членаў Савета ў мясцовай групе ADMA, а таксама акрэслена служэнне, якое члены групы будуць выконваць у парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні, а таксама ў смаргонскім араторыі імя св. Яна Боско.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Памятайце, дзеці мае, што кожны хрысціянін абавязаны даваць прыклад бліжняму, ніводнае слова не выхоўвае так, як добры прыклад.

Св. Ян Боско