Серада, 28 Люты 2018 00:11

Сустрэча міністрантаў адбылася ў Смаргоні

Аўтар

З 23 па 25 лютага ў Смаргоні адбылася сустрэча міністрантаў, у якой удзельнічалі юнакі з Бараўлян, Дзятлава, Мінска і Смаргоні. Праводзілі сустрэчу кс. Станіслаў Краўчанка SDB, кл. Марк Найдзіч SDB, а таксама вопытныя міністранты, якія згадзіліся падзяліцца з удзельнікамі сустрэчы сваімі ведамі.

Падчас сустрэчы юнакі мелі магчымасць жыць у сем’ях мясцовых міністрантаў. Гэта стала немалаважным момантам у знаёмстве юнакоў, бо яны змаглі знутры ўбачыць лад жыцця сваіх сяброў і знаёмых, такіх самых міністрантаў, як і яны.

У суботу юнакоў чакала сумесная св. Імша і канферэнцыя, дзякуючы якой прысутныя ўдакладнялі свае тэарэтычныя веды ў аспекце служэння ў алтара. Пасля канферэнцыі міністранты мелі магчымасць праявіць свае здольнасці ў актыўных гульнях у спартзале.
Наступным момантам сустрэчы стаў Крыжовы шлях для дзяцей, які рыхтавалі і праводзілі ўдзельнікі сустрэчы.

Вечарам малодшых чакаў фільм, у якім падымалася тэма сямейных каштоўнасцяў, а старэйшыя мелі магчымасць назіраць за фіналам салезіянскага суперкубка, у якім смаргонская каманда “Bosco” змагалася са сталічным “Вінегрэтам”. Гэтыя каманды сталі пераможцамі турніраў па мікра-футболе, якія праводзіліся адпаведна ў Смаргоні і Мінску. У выніку сустрэчы перамогу з лікам 3-2 атрымала каманда “Вінегрэт”.

У нядзелю ўдзельнікі сустрэчы пасля сумеснай малітвы падчас св. Імшы мелі магчымасць удасканаліць свае практычныя навыкі служэння ў алтара.

Пасля падвядзення вынікаў сустрэчы міністранты, якія мелі сапраўды добрую магчымасць удасканаліць веды і навыкі ў сваім пакліканні, накіраваліся па дамах, каб там, у сваіх парафіях, кожны мог годна несці сваю паслугу.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Прымаю аднолькава і пахвалу і вымовы, бо калі мяне хваляць, гавораць, кім павінен быць, а калі мне робяць вымовы, гавораць, кім я ёсць.

Св. Ян Боско