Чацвер, 21 Верасень 2017 13:57

“(Не ) выслуханы і (не) пачуты”: у Бараўлянах прайшлі рэкалекцыі РДС

Аўтар

Слова, як скальпель у хірурга, рэжа чалавека.

У араторыі імя св. Дамініка Савіо пры парафіі Марыі Успамогі Хрысціянаў (Бараўляны), можна было заўважыць  невялічкую групу моладзі на чале з айцом Паўлам Шчарбіцкім SDB. Бо 16-17 верасня тут праходзілі першыя ў новым навучальным годзе РДС. Тэма рэкалекцый гучала так: “(Не ) выслуханы і (не) пачуты”. 

Дадзеная тэма з’яўляецца вельмі актуальнай: зараз, як ніколі, сучасны чалавек патрабуе быць выслуханым і пачутым. І аб гэтым рознымі спосабамі “крычыць” у звычайных размовах, у сваім профілі ў сацыяльных сетках, дзе выказваецца, дзеліцца меркаваннямі і поглядамі. І канешне ж, хоча быць прынятым. І так цяжка ўсвядоміць, што цябе людзі навокал не слухаюць і не чуюць, не прымаюць цябе, бо проста ім зараз не да цябе. І наогул яны не ўмеюць слухаць іншага чалавека. І, можа, таму і прызначана гэта тэма Генеральным айцом  салезіянаў.

На працягу гэтага часу ўдзельнікі разважалі пра тое, як важна пачуць суразмоўцу, зразумець яго, выказвацца так, каб цябе пачулі. У духоўных практыкаваннях удзельнічалі таксама кс.Станіслаў, клерык Марк, с.Тэрэза, с. Люцыя і с. Вераніка. Распачалася сустрэча знаёмствам, пасля праглядалі кароткаметражны фільм і абмяркоўвалі ўбачанае. Наступны этап праграмы – адарацыя, дзе кожны мог прынесці свае думкі і роздумы, раны Езусу ў Найсвяцейшым Сакраманце, застацца сам-насам і ахвяраваць Таму, які заўсёды чакае і гатовы выслухаць цябе і мяне. Напрыканцы кс. Казімір сказаў “слоўка” і прапанаваў задумацца над наступным пытаннем: “Хто я ёсць і кім з’яўляюся?”

Ранак распачаўся са смачнага снядання і з Літургіі гадзінаў. Група моладзі таксама далучылася да парафіян на нядзельную Імшу, якую цэлебраваў кс.Віктар Гайдукевіч. У казанні святар падкрэсліў, што вельмі важна прабачаць крыўды: “Так часта мы сутыкаемся з непрабачэннем сваім бацькам і родным. Нават гадамі выношваем крыўды. Гэта раз'ядае нашае нутро. Але Хрыстос вучыць прабачаць, не зважаючы на крыўды і моц раны”.

У гэты дзень у бараўлянскай парафіі адбылося асвячэння крыжа, а пасля працэсія з малітвай і спевамі да таго месца, дзе ўсталявалі крыж.

Быў час і на актыўную гульню з мячом, удзельнікі рэкалекцый добра і радасна правялі гэты час разам.

Потым адбылося разважанне. Кс.Павел распавёў, што значыць  лацінскае слова “AUSCULTARE” – слухаць з культурай. Святар адзначыў, што важна прымаць сябе і не займацца самакрытыкай, бо не зможаш успрымаць іншага. І галоўнае слухаць –  гэта форма любві!

Пасля было прапанавана сем правілаў слухання. Адно з правіл - не рабіць хуткіх вывадаў, не вешаць цэтлікаў на чалавека і выслухоўваць да канца, уваходзячы ў сітуацыю.

Працягам было засяроджванне над урыўкам з Евангелля аб сустрэчы Самаранкі і Езуса, які прасіў піць. Удзельнікам неабходна было выйсці на “пустыню” і паразважаць над дадзеным урыўкам: “Самаранка нібы спавядаецца перад Езусам пасля таго, як Ён просіць у яе піць. Падкрэсліваецца яе вартасць. Пасля жанчына адчувае свабоду і прапаведуе Хрыста”…

Як жа важна чалавеку выбіраць месца, час для размовы, сапраўды слухаць суразмоўцу і ўмець падкрэсліваць яго вартасць так, каб ён адчуў шчырасць, якая сыходзіць ад нас. Напэўна, калі б умелі прыслухоўвацца да сябе і слухаць іншага чалавека, то менш было б сварак у нашых сем'ях і непаразуменняў з самымі блізкімі і дарагімі нашаму сэрцу людзьмі”.

Ужо напрыканцы рэкалекцый удзельнікаў чакаў абед і падвядзенне вынікаў з радаснымі спевамі, якімі праслаўлялі Хрыста. Насычаныя духоўным хлебам удзельніка пайшлі несці ў свет тое, што набылі.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Ва ўсіх кутках свету любы можа збавіцца, калі жыве як сапраўдны хрысціянін.

Св. Ян Боско