З 10 снежня 2017 года па 21 судзеня 2018 года ў Смаргоні адбываўся Кубак Салезіянскага араторыя па мікрафутболе (КСА). Арганізатарамі спаборніцтв былі кл. Марк Найдзіч SDB, адказны за араторый пры смаргонскай парафіі святога Міхала Арханёла, Аляксандар Манчак ASC, салезіянін супрацоўнік, і дырэктар салезіянскай супольнасці ў Смаргоні ксёндз Алег Жураўскі SDB.

Адметнай рысай дадзенага турніру было тое, што кожны гульнявы дзень распачынаўся і завяршаўся супольнай малітвай і традыцыйным салезіянскім слоўкам, у якім Марк Найдзіч SDB па прыкладзе правіл гульні ў футбол імкнуўся раскрываць тэмы, якія сёння хвалююць, а падчас і перашкаджаюць правільна жыць сучаснай моладзі.

У спаборніцтвах прыняло ўдзел 10 каманд, гэта каля 70 удзельнікаў. Адзначым, што шэсць з дзесяці каманд – гэта выхаванцы, выпускнікі і трэнеры мясцовай спартыўнай школы па футболе (ГУСУ “ДЮСШ па футболе”). У складах каманд гулялі вучні школ, ліцэяў, каледжаў і ВНУ, а таксама працуючая моладзь горада. Усяго адбылося 33 гульні, падчас якіх было забіта 234 гола. Спачатку ўсе каманды былі раздзелены на дзве групы, у якіх адбываліся гульні па колавай сістэме, далей былі чвэрцьфіналы, гульні за месцы з 5 па 10, паўфіналы, гульня за 3 месца і фінал.

З первых гульняў вызначылася пяцёрка фаварытаў спаборніцтв. Гэта “FCS” (трэнеры па футболе і выхаванцы 2001 г.н.), “Bosco” (працуючая парафіяльная моладзь з капітанам Маркам Найдзічам SDB), “Старички” (выпускнікі спартыўнай школы па футболе 1999-2000 г.н. са сваім лідэрам Дзянісам Гружэўскім, гульцом ФК “Мінск” і сборнай Беларусі U-19), “Куньлуньчыкі” (выхыванцы спартыўнай школы па футболе 2003 г.н. з трэнерам Уладзіславам Мар’янавічам Дуксо), “Юністар” (выхаванцы і выпускнікі спартыўнай школы па футболе 1999-2001 г.н.). Пасля ўпартай барацьбы на групавым этапе і ў чвэрцьфіналах сфарміраваліся наступныя пары паўфіналістаў: “Старычкі” – “Bosco” ( тут усё вырашылася толькі ў серыі пенальці і ў фінал трапіла каманда “Bosco”), а таксама “FCS” - “Куньлуньчыкі” (ва ўпартай барацьбе атрымаў перамогу з розніцай у адзін мяч атрымала каманда “FCS”).

Вельмі напружанай выдалася гульня за 3 месца паміж камандамі “Куньлуньчыкі” і “Старычкі”. Асноўны і дадатковы час закончыўся з лікам 4:4 і лёс каманд вырашаўся ў серыі пенальці, дзе больш дакладнымі аказаліся гульцы каманды “Старычкі”.

Удзельнікі фіналу ўжо сустракаліся паміж сабою на групавым этапе, тады перамогу з лікам 4:1 атрымала каманда “FCS”. Магчыма, у фінале траўмы перашкодзілі “FCS” паказаць сваю найлепшую гульню, але і каманда “Bosco” прыклала вялікія намаганні для перамогі з лікам 2:1 у асноўны час, стаўшы такім чынам першым пераможцам Кубка Салезіянскага араторыя па мікрафутболе. Пасля фіналу з заключным словам да ўсіх сабраных звярнуўся рэгіянальны настаяцель Таварыства святога Францішка Сальскага ў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, які адмыслова прыехаў на фінальныя гульні.

Цэрэмонія ўзнагароджання прайшла 27 студзеня ў араторыі падчас святочнага вечара з нагоды ўрачыстасці святога Яна Боско. З рук ксяндза Алега Жураўскага SDB свае ўзнагароды атрымалі лепшы бамбардзір турніру Мікіта Савіцкі з каманды “FCS”, які забіў 16 галоў. Лепшы гулец турніру – Мацвей Дуксо, лепшым брамнікам стаў Антон Велесюк, абодва гульцы каманды “Кульлуньчыкі”. Усе удзельнікі КСА атрымалі памятныя сувеніры, каманды-прызёры – медалі, а каманда “Bosco” – кубак за перамогу.

Некаторыя удзельнікі турніру падзяліліся сваімі думкамі пасля яго завяршэння.

Антон Весялюк, лепшы брамнік, каманда “Куньлуньчыкі”:

“Турнір КСА прынёс мне вельмі шмат уражанняў. Выдатныя арганізатары, пасля кожнага гульнявога дня быў фотаагляд. Былі добрыя сапернікі. Хацелася б пабольш такіх турніраў”.

Віталь Арцёменка, трэнер спартыўнай школы, салезіянін супрацоўнік, каманда “FCS”:

“Добры турнір, шмат станоўчых эмоцый, радасці, хваляванняў, сумесных абдымкаў і ўсмешак, асаблівай сяброўскай атмасферы. Вось чым вызначаўся гэты турнір. Ёсць, канешне, да чаго імкнуцца: прыцягнуць яшчэ больш каманд, зрабіць больш якасную рэкламу. Дзякуючы такім турнірам можна рабіць вялікія справы на шляху да святасці”.

Дзмітрый Юхневіч, каманда “Старычкі”:

“Турнір вельмі спадабаўся, шмат эмоцый, шмат новых знаёмств, добрая атмасфера. Вялікі дзякуй арганізатарам за такі турнір. Чакаем з вялікім нецярпеннем паўтора спаборніцтв. Недахоп - маленькая зала, было не вельмі зручна гуляць, не паспееш набраць хуткасць, як ужо канец залы”.

Дзяніс Акуліч, салезіянін супрацоўнік, каманда “FCS”:

“Турнір атрымаўся добры! Падчас турніру адчуваў сябе юнаком, які змагаецца за чэмпіёнства! Уразіла адказнасць, з якой шмат каманд падышлі да турніру! Хлопцы прыязджалі з іншых гарадоў, з працы і навукі, каб не падвесці сваю каманду!

Шкада, што ў гэтым годзе не атрымалася перамагчы, мелі на гэта вялікія шанцы.

Хацелася б, каб у наступным турніры прынялі ўдзел не толькі мясцовыя каманды, але і каманда святароў, некалькі каманд з іншых салезіянскіх парафій Беларусі”.

Марк Найдзіч SDB, адказны за салезіянскі араторый, каманда “Bosco”:

“Спорт, у тым ліку і футбол, калі ён рэалізуецца ў духу сяброўства і пад кіраўніцтвам некага, хто бачыць па-за, можа дапамагчы ў выхаванні моладзі і развіць з хлопцаў сапраўдных мужчын, а ў будучым добрых бацькоў. У футболе прысутнічаюць шматлікія выхаваўчыя аспекты. Са звычайнага футболу мы стараліся вучыць хлопцаў жыць. Асабіста мне вельмі падабаецца, што ў любым спорце, у тым ліку ў футболе з нас спадаюць усе маскі, мы праяўляем і паказваем сябе такімі, якія мы ёсць. Футбол сапраўды вучыць жыццю. Напрыклад, праз выкананне правілаў, праз тое, як я прызнаю аўтарытэт суддзі. Камандны дух азначае, што я думаю не толькі ў накірунку таго, чаго жадаю, але таго, чаго жадаем мы. Неабходна слухаць трэнера, а не толькі сваё, падчас неабдуманнае жаданне, якое можа прывесці да жыццёвай катастрофы.

Яшчэ прыклад з футбола - трэба абараняць сваю браму, змагацца, разважліва атакаваць і г.д. Калі, напрыклад, нехта гуляе і бачыць толькі мяч, не бачачы ўсяго становішча, як ён можа ўбачыць усе гарызонты, якія яму прапануе жыццё? Калі ён у звычайным футболе не можа пазмагацца за сваю каманду, за яе рэпутацыю, як ён убудучыні зможа змагацца за сваю сям’ю? Калі нехта ў звычайным футболе баіцца абараніць браму сваёй каманды, то як ён будзе абараняць сваіх дзяцей? Калі ты не верны ў малым, то ці будзеш ты верны ў вялікім? Я рады, што хлопцы чатыры нядзельных дні мелі магчымасць праводзіць час ў добрай кампаніі, выхоўваць свой характар, знайсці новых сяброў, а яшчэ я веру, што гэта ўсё было з Богам”.

Ад імя арганізатараў дзякуем кожнаму ўдзельніку за гульню, за знаёмства, за час, праведзены разам. Да новых сустрэч не толькі на спартыўных пляцоўках, але і ў салезіянскім араторыі!

Таксама выказваем удзячнасць дырэктару сярэдняй школы №1 горада Смаргонь Коваль Але Анатольеўне за магчымасць правесці турнір у спартыўным зале школы.

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter»

Фотагалерэя

Пра нас

Кіраўніцтва Рэлігійнай Каталіцкай Місіяй “Таварыства св. Фрацішка Сальскага”

Рэгіянальны Настаяцель Місіі:
кс. Віктар Гайдукевіч SDB

Вікарый і эканом Місіі:
кс. Алег Жураўскі SDB

Радны:

Каляндар

Май 2018
Нд Пн Вт Ср Чц Пт Сб
1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30 31

Выбраныя запісы

  • Дыяканскае пасвячэнне атрымаў салезіянін Артур Ляшнеўскі SDB
    12 мая Артур Ляшнеўскі SDB разам з адзінаццаццю сабратамі
  • Бясплатная юрыдычная кансультацыя ў Мінску
    Рэлігійная каталіцкая місія св. Францішка Сальскага арганізуе пры парафіі
  • Салезіянскія дні моладзі: апошні дзень сустрэчы
    Трэці дзень СДМ распачаўся са сняданку, пасля якога была
Угору