Панядзелак, 15 Студзень 2018 17:42

У Смаргоні прайшоў “Музычны батл”

Аўтар

13 студзеня 2018 года ў салезіянскім араторыі імя святога Яна Боско пры парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні адбыўся вяселы творчы вечар - “Музычны батл”.

Перад журы, парафіянамі і гасцямі выступілі дзве каманды ўдзельнікаў. Каманда пакалення 2000-х, у склад якой увайшлі школьнікі і студэнты, выконвала спевы 70-х гадоў XX-га стагоддзя. А каманда пакалення 1970-х, якая складалася з прадстаўніц групы “ADMA” і толькі аднаго саліста, выконвала сучасныя песні 2000-х гадоў.

Такім чынам, у залі араторыя гучалі вядомыя ўсім хіты розных гадоў, і журы было сапраўды цяжка ацаніць, якая з каманд лепш падрыхтавалася да “Музычнага батла”.

Падчас вечара прысутныя змаглі даведацца цікавыя факты і гісторыю з'яўлення кожнай песні, якія ў гэты вечар гучалі са сцэны араторыя. Дарэчы, часам удзельнікі не толькі выконвалі песні, а прадстаўлялі сапраўдны кліп на песню.

Гледачы актыўна падтрымлівалі ўдзельнікаў, а дзеці удзельніц старэйшай каманды прыйшлі з плакатамі і загадзя падрыхтаванымі крычалкамі, каб падтрымаць сваіх матуль, некаторыя з якіх упершыню выйшлі на сцэну.

Абедзве каманды ў выніку батла набралі аднолькавую колькасць балаў. Такім чынам, перамог добры настрой і задавальненне ад пройдзенай падрыхтоўкі да “Музычнага батла”.

Пасля слоўка на добрую ноч, малітвы, благаслаўлення і агульнага фотаздымка ўсіх удзельнікаў мерапрыемства чакаў сюрпрыз ад дырэктара супольнасці кс. Алега Жураўскага SDB - салодкі стол у знак падзякі за цудоўный музычны вечар.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Акрамя Езуса не маем лепшай апоры на гэтым свеце і, таксама, не маем лепшага суцяшэння, чым поўны давер Той, якая раздае нам Яго ласкі

Св. Ян Боско