Панядзелак, 06 Лістапад 2017 21:45

«Салезіянскі дух» - у Бараўлянах адбыўся дзень духоўнай адновы для салезіян супрацоўнікаў

Аўтар Уладзіслаў Зарэцкі ASC

5 лістапада ў Бараўлянах адбыўся дзень духоўнай адновы для салезіян супрацоўнікаў, трэцяй галіны салезіянскай сям’і. Супрацоўнікі і кандыдаты ў салезіяне супрацоўнікі са Смаргоні, Мінску і Бараўлян прыбылі ў араторый імя святога Дамініка Савіо, які дзейнічае пры салезіянскай парафіі Марыі Успамогі Хрысціянаў, а 10 гадзіне.

Сустрэча распачалася са снядання, а таксама са знаёмства. З уступным словам да сабраных звярнулася каардынатар салезіян супрацоўнікаў на Беларусі Ларыса Валынец ASC. Яна адзначыла, што сустрэча з’яўляецца вельмі важным момантам для развіцця асацыяцыі і падзякавала ўсім прысутным за тое, што яны змаглі прыехаць у Бараўляны.

Пасля ўступнай часткі ўсе накіраваліся ў капліцу, дзе адбылася святая Імша, якую цэлебраваў ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. Святар ў гэты дзень прамаўляў рэкалекцыі для салезіян супрацоўнікаў.

У канферэнцыі пасля святой Імшы ксёндз Павел разважаў над салезіянскай духоўнасцю і яе рэалізацыяй у жыцці свецкай галіны, над духам салезіянскай малітвы, над узаемаадносінамі паміж членамі асацыяцыі і над іх дзейнасцю.

Святар падкрэсліў, што вельмі важна ў сваёй дзейнасці не ставіць сябе на першае месца і разлічваць толькі на свае ўласныя сілы, неабходна ўсё рабіць разам з Езусам, усе свае справы давяраць Богу. Не варта чакаць падзякі і вялікіх вынікаў ад свайго служэння, прадстаўнікі салезіянскай сям’і павінны па прыкладу святога Яна Боско бескарысна служыць дзеля дабра людзей, асабліва маладых. “Ксёндз Боско быў для ўсіх, слухаў усіх, адказваў усім, аддаваў сябе ўсім, але сам нічога і не ад каго не чакаў у адказ,” – такімі словамі ксёндз Павел заклікаў салезіян супрацоўнікаў да рэалізацыі свайго паклікання.

Падтрымаў сваёй прысутнасцю салезіян супрацоўнікаў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. На правах гаспадара дому ў Бараўлянах ён адзначыў, што вельмі рады прымаць такіх гасцей і выказаў спадзяванне, што такія сустрэчы будуць адбывацца рэгулярна. Як кіраўнік салезіянскай сям’і, ксёндз Віктар адзначыў, што для яго вельмі важна, каб суполка салезіян супрацоўнікаў развівалася і была бачнай і адчувальнай дапамогай для святароў і сясцёр.

Завяршылася сустрэча адарацыяй і традыцыйным салезіянскім слоўкам на добрую ноч, якое прамовіў Аляксандар Перадкоў ASC. Салезіяне супрацоўнікі вярнуліся ў свае сем’і натхнёныя і духоўна адноўленыя, з новымі ідэямі для рэалізацыі свайго паклікання.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Калі маеце калючкі, з’яднайце іх з тымі, якія ёсць у кароне Езуса

Св. Ян Боско