Аўторак, 03 Кастрычнік 2017 14:11

Генеральная Настаяцельніца салезіянак, Апостальскі Нунцый і кардынал з Бельгіі: Ганаровыя госці прынялі ўдзел у адкрыцці мінскага араторыя

Аўтар Раман Гапцар, аніматар

1 кастрычніка адбылося адкрыццё мінскага араторыя. Адметнай гэта падзея была таму, што спалучылася з візітам Генеральнай Настаяцельніцы сясцёр салезіянак сястры Івон Рэнгуа FMA.

Распачалося свята са святой Імшы, якая адбылася ў новым касцёле. Яе ўзначаліў яго Эмінэнцыя кардынал Юзаф Дэ Кесель, які прыбыў у нашу краіну з Бельгіі на асамблею Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы. Таксама на свяце прысутнічаў Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр. У гаміліі іерарх разважаў над словамі Евангелля, што не заўсёды той, хто жыве, выконваючы закон Божы, мае любоў да Бога і бліжняга, яны лічаць сябе дасканалымі і ганарацца гэтым. Шматлікія грэшнікі наадварот, усведамляюць сваю недасканаласць і імкнуцца выправіцца, адчуваючы Божую любоў.

“Евангелле – гэта не проста мараль, якая з найвышэйшай дакладнасцю адрознівае злых і добрых, каб мы мелі магчымасць далучыць сябе да добрых. Можна быць дасканалым у адпаведнасці з законам, але калі нехта робіць гэта для сябе, каб гэта ўбачылі, каб узвысіцца над іншымі, тады гэта толькі ганарыстасць”, – сказаў кардынал.

Пасля святой Імшы ўсе вернікі накіраваліся ў араторый святога Яна Боско, дзе адбыўся працяг святочнай праграмы. Дзеці і моладзь мелі магчымасць пагуляць у разнастайныя гульні, паўдзельнічаць у латарэі, а таксама падсілкавацца. А распачалося ўсё з невялічкага лялечнага тэатру, праз які аніматары падкрэслілі дэвіз салезіянскай сям’і  на новы пастаральны год, які гучыць так: “Культываваць мастацтва слухаць і суправаджаць”.

Аніматары выказалі гэта наступнымі словамі: “Дазваляйце моладзі свабодна пытацца, выказваць свае заўвагі, перапрашаць, бо выслухоўваць – гэта значыць абдымаць сэрцам таго, хто з намі размаўляе. Падбадзёрвайце моладзь, а таксама суправаджайце, будзьце побач, будзьце прыкладам не толькі ў парадах, а таксама ў працы і ў жыцці”.

Праводзіўся ў гэты дзень у араторыі таксама і сямейны конкурс пірагоў. Шматлікія сем’і вернікаў прымалі ў ім удзел. Яны прынеслі ў араторый смачныя і прыгожыя вырабы, а кампетэнтнае журы выбірала сярод іх самы смачны! Падарункі пераможцы атрымалі з рук Апостальскага Нунцыя Габара Пінтэра і сястры Івон.

Напрыканцы свята да сабраных з традыцыйным салезіянскім слоўкам звярнулася сястра Івон. Яна падкрэсліла, што вельмі рада была наведаць Беларусь, папрысутнічаць на адкрыцці араторыя. Сястра сказала, што беларусаў яна забірае з сабой у сваім сэрцы. Таксама Генеральная Настаяцельніца навучыла дзяцей некаторым словам на французскай мове.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Той, хто не чувае, рызыкуе, што не будзе збаўлены, таму што яму не хапае часу, або волі, альбо Божай ласкі.

Св. Ян Боско