27 верасня 2017 года ўпершыню наведала Беларусь Генеральная Настаяцельніца Дачок Марыі Успамогі Маці Івон Рэнгуа. Прыляцела яна з Рыму. У аэрапорце паважаную госцю чакалі яе духоўныя дочкі разам з  с.Габрыэлай Родэ, адказнай за сясцёр салезіянак у візітаторыі, а таксама біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB і рэгіянальны настаяцель кс. Віктар Гайдукевіч SDB, якія, нягледзячы на актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы, прыбылі прывітаць сястру Івон і суправадзіць яе ў Бараўляны.

Першым месцам наведвання Беларусі сталі Бараўляны. Прывітальнае слова да Маці Івон скіравала с.Люцыя Бальцэвіч разам з дзецьмі і моладдзю. Прыгожа апранутыя гаспадары Бараўлянскай зямлі прывіталі Генеральную Настаяцельніцу беларускімі спевамі,  жартоўнымі вершамі і традыцыйным караваем. Пасля прывітальнай часткі ў капліцы Маці Божай Успамогі Хрысціянаў адбылася ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. У ёй удзельнічаў  таксама кс. Віктар Гайдукевіч SDB і іншыя салезіянскія святары, якія прыбылі, каб выказаць сваю падзяку і пашану Генеральнай Настаяцельніцы. Падчас прыгожай гаміліі кс. Біскуп Аляксандр растлумачыў значэнне чатырох важных слоў: праслаўленне, падзяка, перапрашэнне і просьба. Іерарх скіраваў словы падзякі да Маці Івон за працу сясцёр салезіянак у Беларусі. Напрыканцы св. Імшы кс. Віктар у сваёй прамове, праз прыклад лёгкіх у арганізме чалавека, падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва сясцёр салезіянак са святарамі салезіянамі, каб добра развівалася ўся салезіянская сям’я. Святар таксама падзякаваў за працу сясцёр у Беларусі.

Пасля св.Імшы ў сямейным духу адбылася вячэра, падчас якой Маці Івон мела магчымасць паразмаўляць з біскупам Аляксандрам, са святарамі і сёстрамі, больш пазнаёміцца з клопатамі і радасцямі, якімі жыве салезіянская сям’я ў Беларусі.

28 і 29 верасня Маці Івон наведала Смаргонь. Зранку яна мела магчымасць паразмаўляць са сваімі духоўнымі дочкамі, спытацца, чым яны жывуць, сказаць ім словы падтрымкі і настаўлення. На ўрачысты абед з Маці Івон прыбылі бацькі сясцёр. Працяг знаёмства з імі адбыўся падчас наведвання новапабудаванага дому, дзе с.Вераніка і с.Дар’я падрыхтавалі цікавую праграму з гульнямі і жартамі, а ў канцы ўсіх чакаў салодкі пачастунак з гарбатай з самавару ў новай кухні, хоць яшчэ і ў будаўнічых умовах.

Другую частку дня Маці Івон правяла ў араторыі св. Яна Боско і ў парафіі св. Міхала Арханёла. Напачатку адбылася сустрэча прадстаўнікоў розных груп салезіянскай сям’і ў Смаргоні, якія распавялі Маці Івон аб тым, як распачыналася іх праца ў салезіянскай парафіі і як супрацоўнічаюць зараз са святарамі і сёстрамі. У сустрэчы прынялі ўдзел святары, сёстры, салезіяне- супрацоўнікі, члены Асацыяцыі Марыі Успамогі (АDМА), былыя выхаванцы сясцёр салезіянак, “Савіо-клуб”, аніматары, кандыдаты і памочнікі.

Галоўным момантам была св. Імша ў касцёле, на якую сабраліся шматлікія вернікі, дзеці і моладзь. Падчас св.Імшы кс. Алег Жураўскі SDB прывітаў Маці Івон, а ў гаміліі падкрэсліў значэнне Марыі ў жыцці кожнага хрысціяніна.

Фінальным момантам першага дня наведвання Маці Івон сясцёр у Смаргоні быў святочны вечар, які адбыўся ў прыгожа падрыхтаванай зале араторыя. У канцэрце ўдзельнічалі розныя групы салезіянскай сям’і, якія падрыхтавалі цікавыя спевы, танцы і гульні. Таксама прыгожыя беларускія танцы падрыхтавалі для ўсіх прысутных дзеці з ансамбля “Мишутка”. На гэты вечар прыбыло шмат вернікаў і запрошаных гасцей, сярод якіх былі святары з розных парафій з моладдзю, дырэктары школ, настаўнікі. На завяршэнне святочнага вечара Маці Івон выказала свае словы захаплення сямейным духам, які адчула падчас удзелу ва ўсіх прапанаваных сустрэчах. Яна заахвоціла не затрымлівацца, а развіваць і распаўсюджваць салезіянскую харызму ў Беларусі.

29 верасня Маці Івон мела магчымасць паразмаўляць з настаяцелем салезіянскай супольнасці святароў у Смаргоні кс. Алегам Жураўскім SDB. Пазней на шляху да Мінска яе чакаў сюрпрыз – беларускі шашлык на прыродзе.

Са слоў Генеральнай Настаяцельніцы Дачок Марыі Успамогі, яна атрымала добрыя ўражанні са свайго прабывання ў Смаргоні і вельмі ўзрадавалася, што магла бліжэй пазнаць жыццё сваіх духоўных дачок і людзей, да якіх яны пасланы.

30 верасня Маці Івон сустрэлася з сёстрамі з Мінскай супольнасці, потым яна мела  магчымасць убачыцца з сабратамі салезіянамі, якія разам з сёстрамі супрацоўнічаюць у парафіі і араторыі.

 У другой палове дня Маці наведала араторый, дзе сустрэлася з салезіянамі- супрацоўнікамі, аніматарамі, прадстаўнікамі аратарыйных суполак. У сямейным духу яны падзяліліся досведам працы, выказалі свае намеры на будучыню. Напрыканцы сустрэчы Маці Івон пажадала ўсім прысутным быць вернымі і разумець сваё пакліканне ў салезіянскай сям’і, умець пераказваць другім салезіянскую харызму, падтрымліваючы цесную сувязь з Езусам Хрыстом. Настаяцельніца пажадала, каб кожны ўважліва фарміраваў сваю хрысціянскую і салезіянскую асаблівасць, каб адчуваў Езуса, як сябра, у сваім жыцці.

1 кастрычніка Генеральная Настаяцельніца прыняла ўдзел у адкрыцці Мінскага араторыя. Распачалося свята са святой Імшы, на якой прысутнічалі кардынал Юзаф Дэ Кесель і Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, шматлікія вернікі, дзеці і моладзь.

Пасля святой Імшы ўсе накіраваліся ў араторый, дзе чакала шмат цікавага: гульні, танцы, латарэя з прызамі, конкурс пірагоў. Маці Івон мела магчымасць сустрэцца з дзецьмі і паразмаўляць з іх бацькамі. У канцы свята сястра сказала дзецям, што яны павінны клапаціцца, каб захаваць свае вочы чыстымі і празрыстымі, бо менавіта праз іх прамаўляе Бог, які жыве ў іх.

На гэтым праграма візіту завяршылася, на наступны дзень сястра Івон пакінула Беларусь пакідаючы нам добрыя ўспаміны і малітву.

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter»

Фотагалерэя

Пра нас

Кіраўніцтва Рэлігійнай Каталіцкай Місіяй “Таварыства св. Фрацішка Сальскага”

Рэгіянальны Настаяцель Місіі:
кс. Віктар Гайдукевіч SDB

Вікарый і эканом Місіі:
кс. Алег Жураўскі SDB

Радныя:

Каляндар

Кастрычнік 2017
Нд Пн Вт Ср Чц Пт Сб
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30 31

Выбраныя запісы

  • Салезіянскі святар Тытус Зэман абвешчаны бласлаўлёным
    30 верасня 2017 у Браціславе ксёндз салезіянін Тытус Зэман
  • Генеральная Настаяцельніца Дачок Марыі Успамогі наведала Беларусь
    27 верасня 2017 года ўпершыню наведала Беларусь Генеральная Настаяцельніца
  • Дабрачынная акцыя ў падтрымку школьнікаў са шматдзетных сем’яў прайшла ў Мінску
    Таварыства святога Францішка Сальскага прыняло ўдзел у дабрачыннай акцыі,
Угору