Серада, 22 Люты 2017 09:17

«Твая любоў знішчае страх» — у Серабранцы адбыліся РДС для падлеткаў

Аўтар Памочнік Ян Вяржбіцкі, кандыдат у аніматары Кірыл Рудовіч, салезіянка супрацоўніца Ірына Петрусевіч

У мінскім араторыі пры парафіі Святога Яна Хрысціцеля 18-19 лютага адбыліся рэкалекцыі РДС (разважанні аб добрай смерці) для падледкаў 8-11 класаў. Гэтыя два дні прайшлі пад дэвізам «Твая любоў знішчае страх». Маладыя людзі, усіх каля 12 чалавек, разважалі пра адносіны з Хрыстом, любоў, свабоду, дзеянне, уменне марыць. Цэнтрам гэтых духоўных практыкаванняў была святая Імша і вячэрняя адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Рэкалекцыі пачаліся са смачнай вячэры — гэта быў момант стварэння сямейнай атмасферы, калі можна было свабодна паразмаўляць з сябрамі і падсілкавацца. Потым арганізатары прапанавалі моладзі паглядзець фільм пра моц веры і згуляць у гульню, якая вучыла павазе і асцярожнасці.

Канферэнцыю для падлеткаў падрыхтавала с. Тэреза Сольнічэк FMA. На падставе адной з пропаведзяў Святога Айца маладыя людзі разам  разважалі над уменнем любіць. Ключавыя моманты гэтых разважанняў заключаліся ў наступных словах Папы Францішка: «Любоў, іншымі словамі, гэта пасведчанне асобы хрысціяніна, гэта адзіны сапраўдны «дакумент». Разважанні таксама датычыліся любові паміж хлопцам і дзяўчынай і ўменнем чакаць і берагчы дар адзін аднаго, гаварылі пра свабоду і ўменне выбіраць дабро, казаць «так» і «не», сябраваць з Хрыстом, паднімацца пасля падзенняў, праяўляць любоў у канкрэтных учынках, радавацца. Вялікую  увагу звярнулі на словы Пантыфіка аб уменні моладзі марыць, без гэтага навыку малады чалавек ператвараецца ў пенсіянера. Як гаворыць Папа Францішак: «Ах, гора тым маладым людзям, якія не ўмеюць мараць, якія не адважваюцца марыць!»

Традыцыйнае салезіянскае «слоўка на дабранач» пасля спаткання з Хрыстом на адарацыі заклікала да жывога перажывання святой Імшы — сустрэчы з Богам, якую трэба з нецярпеннем чакаць. Ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB падкрэсліў, што святая Імша з’яўляецца канкрэтным праяўленнем любові да Хрыста, і важна рыхтавацца да яе, важна нават самыя малыя рэчы добра падрыхтаваць: адзенне, спеў, знешні выгляд…

 У дзень заканчэння рэкалекцый кс. Павел заклікаў маладых людзей — будучыню Касцёла — карыстацца такімі інструментамі, як катэхэза, РДС і іншыя сустрэчы для свайго духоўнага сталення, а бацькоў заахвоціў дапамагаць сваім дзецям выбіраць дабро.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Калі справы ідуць добра, не трэба іх змяняць, прыдумваючы прычыну, каб яны ішлі яшчэ лепш

Св. Ян Боско