Пятніца, 17 Люты 2017 00:51

Сустрэча для дзяўчат “Пакліканыя да любові” у Смаргоні

Аўтар Кацярына Ількевіч

З 11 па 12 лютага ў Смаргоні была праведзена сустрэча для дзяўчат аб пакліканні, арганізаваная сёстрамі-салезіянкамі. На сустрэчы выказалі жаданне прыехаць дзяўчынкі з розных куткоў Беларусі, колькасць удзельнікаў склала амаль 30 чалавек.

Мерапрыемства насіла яскравую назву “Пакліканыя да любові”, якую ўдалося раскрыць за гэтыя 2 дні. Адной з галоўных тэм было служэнне як дар. Сабраныя мелі магчымасць паразважаць над сваім пакліканнем, прызначэннем у жыцці і сярод спакойнай, натхняючай атмасферы прыслухацца да голаса Бога.

Падчас сустрэчы быў час на ўсё: гульні, малітву і, канечне ж, сумесны вольны час. Сярод такіх важных рэчаў, як адарацыя, канферэнцыя і малітва ўдзельніцы праводзілі час таксама за вясёлымі гульнямі, песнямі і праглядам цікавага фільму. Вельмі прадуктыўнай была праца па групах, дзе ў згуртаванай камандзе дзяўчыны маглі яшчэ больш пазнаёміцца, абмеркаваць розныя тэмы і выканаць некалькі цікавых заданняў.Удзельніцы разважалі і адказвалі на дастаткова важныя і прыватныя пытанні, пра якія ў паўсядзённым жыцці даводзіцца задумвацца не вельмі часта, а таксама праяўлялі свае таленты, творчасць і разам з камандай складалі тэматычны калаж.

Асаблівым момантам пасля другой канферэнцыі была пустыня, калі кожны ў адзіноце і цішыні мог паразважаць над пачутым, падумаць пра распазнанне свайго паклікання і асабіста для сябе адказаць на некалькі “правакацыйных” пытанняў.

Адметнай рысай была адкрытасць удзельнікаў, шматлікія з якіх пазнаёміліся непасрэдна на сустрэчы, але складалі прыемную атмасферу сапраўднай сям’і і дома — кожны быў адкрыты на размову і дапамогу.

Сустрэча “Пакліканыя да любові” стала чарговым прыкладам таго, як можна сапраўды весела і з вялікай карысцю правесці свой час. І галоўнае, паказала, што служэнне — гэта сапраўды велізарны дар.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Да хваробаў душы трэба адносіцца так жа сур’ёзна, як да хваробаў цела.

Св. Ян Боско