Панядзелак, 30 Студзень 2017 11:00

«Мы Сям’я! Кожны дом — школа Жыцця і Любові!» — першыя ў гісторыі Беларусі Салезіянскія дні моладзі адбыліся ў Мінску

Аўтар Салезіянка супрацоўніца Ірына Петрусевіч

Першыя ў гісторыі Беларусі Салезіянскія дні моладзі адбыліся 27-28 студзеня ў Мінску ў араторыі пры парафіі Святога Яна Хрысціцеля (Серабранка). На Дні моладзі прыехала больш 70 маладых людзей з усёй Беларусі. Праграма сустрэчы была разлічана на два дні і ўключала ў сябе творчую духоўную працу, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і споведзь, цікавую экскурсію па Мінску ў суправаджэнні гіда, святкаванне ўрачыстасці святога Яна Боско і ўдзел ва ўрачыстай святой Імшы — кульмінацыі Салезіянскіх дзён моладзі, а таксама «Дон Боско–шоў» — святочная праграма ў гонар Святога. Прамая трансляцыя з араторыя вялася на youtube-канале sdb by News.

«Мы Сям’я! Кожны дом — школа Жыцця і Любові!» — гэта дэвіз першых Салезіянскіх дзён моладзі, які таксама з’яўляецца Дэвізам Салезіянскай сям’і на 2017 год, абвешчаны Генеральным настаяцелем ксяндзом Анхелем Фярнандэсам Арцімэ SDB напярэдадні Божага Нараджэння. Паглядзець відэазапіс звяртання кс. Анхеля перакладзены на беларускую мову ўдзельнікі Дзён моладзі маглі на другі дзень у праграме «Дон Боско-шоў».

 У першы дзень сустрэчы ў праграме «Салезіянскі двор» моладзь разважала менавіта над гэтымі словамі. Падзеленыя на чатыры групы маладыя людзі атрымалі заданне раскрыць Дэвіз чатырма рознымі спосабамі: тэатр, спеў, малюнак і танец. Потым на сцэне араторыя моладзь прадставіла вынікі сваёй працы, вы можаце ўбачыць іх тут. Адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой моладзь мела магчымасць таксама прыступіць да сакрамэнту паяднання, скончыўся першы дзень.

Другі дзень распачаўся для моладзі малітвай Ютрані. Затым Рэгіянальны настаяцель салезіянаў у Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB прамовіў маладым людзям канфэрэнцыю на тэму «Штодзённасць — месца прысутнасці Бога». Святар засяродзіў увагу прысутных на наступных аспектах салезіянскай духоўнасці: духоўнасць у штодзённасці; блізкасць Бога; радасць жыцця; сяброўства з Хрыстом; вучоба, праца, дапамога іншым. Застанавіўшыся над кожным пунктам, кс. Віктар дадаў: «Аспекты салезіянскай духоўнасці, якія я сёння закрануў, звяртаюць увагу на вельмі важнае жыццёвае правіла, якое рэалізаваў сам кс. Боско і якое перадаў усёй Салезіянскай сям’і: хадзіць нагамі па зямлі, а сэрцам жыць у небе. Салезіянская духоўнасць дае магчымасць сустрэчы з Хрыстом без «уцёкаў» са свайго жыцця, адначасова накіроўваючы ўвагу на Божую прысутнасць у самых простых справах штодзённасці, і на адкрыванне Бога ў тым, што ў жыцці прыгожае і радаснае».

Кульмінацыйны момант Салезіянскіх дзён моладзі адбыўся на другі дзень сустрэчы, гэта было святкаванне ўрачыстасці святога Яна Боско. Моладзь дзякавала Богу за прыклад святасці Яна Боско і за першыя Салезіянскія дні моладзі падчас Эўхарыстыі. У працэсіі з дарамі маладыя людзі неслі Дэвіз, гімн, сімвалы Салезіянскіх дзён моладзі і хлеб і віно.  А ў малітве верных маладыя прасілі Бога, каб Ён запаліў іх маладыя сэрцы такой жа любоўю да Бога, якой палала сэрца святога Яна Боско.

«Дон Боско-шоў» — святочная праграма ў гонар Святога. На гэты раз гэта была гісторыя жыцця аднаго дзеда, які даглядаў магутнае дрэва — сімвал Салезіянскай сям’і — сведку ўсіх важных падзей жыцця гэтага чалавека. Пра гэтыя падзеі стары распавядаў свайму ўнуку. Успаміны прадстаўляла моладзь з салезіянскіх араторыяў: успамін дзеда аб сваіх сябрах прадставіў у тэатральнай пастаноўцы смаргонскі араторый. Потым дзед распавёў унуку гісторыю свайго кахання і сустрэчу з будучай жонкай, яе прадставіў араторый з Дзятлава. Далей гледачоў чакаў тэатр ценяў — суполка «Адкрытыя сэрцы», якая дзейнічае пры мінскім араторыі і кандыдаты ў салезіяне супрацоўнікі з Мінску вельмі маляўніча расказалі гісторыю кахання бацькоў цікаўнага унука і яго нараджэнне. Сябры ўнука з Бараўлян запрасілі усіх гасцей свята на банс. Таксама удзельнікі Салезіянскіх дзён моладзі заспавялі для прысутных гімн гэтай моладзевай сустрэчы — плён працы адной з чатырох груп. Апошнімі радкамі гэтага спеву былі словы запрашэння на наступны год на СДМ 2018.

Як падзяліласа з sdb.by адна з удзельніц Салезіянскіх дзён моладзі Ірына Гінько, яна заўсёды шукала Бога ў цішыні і малітве і ўвесь першы дзень чакала як мага больш гэтых момантаў, але цяпер усвядоміла Яго прысутнасць ў свяце, у момантах радасці. «Хіба ж можа Бог не быць тут у гэтай радасці з намі?!» — сказала яна.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Гаворачы пра важныя справы, сказаць, што «ідуць па-малу», азначае тое самае, калі б мы сказалі, што ўсё дрэнна

Св. Ян Боско