Серада, 21 Снежань 2016 09:47

Аплаткавая сустрэча салезіянаў і салезіянак з іх бацькамі і роднымі адбылася ў Смаргоні

Аўтар

19 снежня ў Смаргоні сабраты салезіяне, сёстры салезіянкі, прынавіцыі, а таксама іх бацькі і родныя сабраліся разам на дзяленне аплаткай.

Звычай ламання аплаткай бярэ свой пачатак у раннім хрысціянстве і адносіцца да абраду, які звязаны з ламаннем, раздаваннем і распаўсюджваннем ахвярных хлябоў. Аплатка, як і ўсё Божае Нараджэнне, з’яўляецца знакам супольнасці. Ламаючыся ёй у сем’ях, людзі складаюць адзін аднаму пажаданні і просяць аб прабачэнні. Дзелячыся сімвалам узаемнай любові і пашаны, жадаюць перш за ўсё сваім блізкім і знаёмым дабра фізічнага і духоўнага. Таму вельмі важна, каб падобна як ахвяруем сваім блізкім гэты малы кусочак хлеба, мы маглі ў жыцці дзяліцца з патрабуючымі сваім сэрцам, здольнасцямі і штодзённым хлебам. Гэты белы хлеб, які нараджаецца з вялікай колькасці зярнятак, павінен з’яўляцца для нас сімвалам адзінства і дабра, якія злучаюць нас у адну вялікую сям’ю ў Хрысце.

Памятаючы і шануючы гэтую прыгожую традыцыю, салезіяне разам са сваімі бацькамі сабраліся за вігілійным сталом. На пачатку сабраныя паслухалі ўрывак з Евангелля, які распавядае аб нараджэнні Збаўцы. Потым усе разам заспявалі калядкі. Адчувалася еднасць не толькі паміж прадстаўнікамі салезіянскай кангрэгацыі, але і паміж іх бацькамі. Падчас дзялення аплаткай усе казалі адзін аднаму пажаданні, перапрашалі за крыўду і дзяліліся радасцю ад надыходзячага свята Божага Нараджэння.

На завяршэнне сустрэчы Рэгіянальны настаяцель Салезіянскага Таварыства на Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB выказаў сваю вялікую задаволенасць тым, што такая сустрэча адбылася, а таксама надзею на тое, што ад гэтага моманту такія сустрэчы стануць традыцыйнымі. Бацькі і ўсе прысутныя таксама дзякавалі за магчымасць супольнай сустрэчы і выказвалі спадзяванні, што гэта не апошняя сустрэча ў такім фармаце.

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Акрамя Езуса не маем лепшай апоры на гэтым свеце і, таксама, не маем лепшага суцяшэння, чым поўны давер Той, якая раздае нам Яго ласкі

Св. Ян Боско