Пятніца, 16 Снежань 2016 09:52

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB на аплаткавай сустрэчы з медыкамі: «Як можна забараняць урачам прызнавацца ў рэлігійных поглядах?»

Аўтар Уладзіслаў Зарэцкі ASC

15 студзеня ў Мінскім абласным клінічным шпіталі ў Бараўлянах адбылася аплаткавая сустрэча дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі,  біскупскага вікарыя для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандра Яшэўскага SDB з медперсаналам і пацыентамі шпіталя.

Разам з біскупам на сустрэчы прысутнічалі святары-салезіяне, якія працуюць у Бараўлянах, у супольнасці святога Дамініка Савіо.

 

Ад імя ўсіх прысутных біскупа прывітаў галоўны ўрач Андрэй Каралько, адзначыўшы, што для ўсёй бараўлянскай бальніцы і для яго асабіста вялікі гонар прымаць такога шаноўнага госця.

На пачатку сустрэчы ў пакоі пагасілі святло і запалілі свечкі, як сімвал самога Хрыста, які, прыходзячы ў гэты свет, жадае збавіць кожнага чалавека.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, біскуп падзякаваў кіраўніцтву шпіталя за тое, што ўжо на працягу года ў пацыентаў ёсць магчымасць кожную сераду ўдзельнічаць у святой Эўхарыстыі. Каталіцкі іерарх выказаў надзею на тое, што і надалей святары і ўрачы будуць супрацоўнічаць, поруч займаючыся лячэннем душы і цела.

Біскуп выказаў вялікую радасць, што, нягледзячы на канфесійную прыналежнасць, мы разам можам святкаваць Божае Нараджэнне.

Таксама ён адзначыў, што вельмі занепакоены інфармацыяй, якая з’явілася ў СМІ адносна праекта пастанаўлення аб нормах медыцынскай этыкі. Так, у адным з пунктаў праекта медыцынскім работнікам хочуць забараніць «відавочную дэманстрацыю рэлігійнай прыналежнасці, адкрытае нашэнне рэлігійных знакаў і сімвалаў».

«Я маю вельмі вялікую надзею, што ў нашай краіне, дзе мы будуем сваё жыццё на хрысціянскіх каштоўнасцях, дзе існуе свабода веравызнання і талерантнасць да розных поглядаў і канфесій, такі законапраект ніколі не будзе прыняты, — адзначыў біскуп. — Як сёння магчыма нам, а асабліва вам, медыкам, забараніць прызнавацца ў сваіх рэлігійных поглядах?»

Пасля благаслаўлення і супольнай малітвы прысутныя дзяліліся аплаткамі, усмешкамі і словамі віншаванняў з біскупам, са святарамі, якія прысутнічалі на сустрэчы, а таксама адзін з адным.

А падчас таго, як гэта адбывалася, гучала музычнае суправаджэнне ў выкананні гурта «Небасхіл» з парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Мінску.

Некаторыя пацыенты па добрай хрысціянскай традыцыі панеслі аплаткі ў палатныя пакоі да тых, хто не змог прыйсці на сустрэчу, і падзяліліся такім чынам сваёй радасцю і надзеяй, якія прыносіць свята Божага Нараджэння.

Да некаторых, хто не змог прысутнічаць на сустрэчы, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB у суправаджэнні святароў і ўрачоў завітаў у палаты з благаслаўленнем, віншаваннямі і пажаданнем вытрымкі ў цярпенні, бо кожнае цярпенне мае сэнс, але, каб яго зразумець, неабходны пэўны час.


Крыніца: catholic.by

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Рэкалекцыі — гэта цудоўны сродак, каб разарваць пэўныя сувязі і нездаровае сяброўства.

Св. Ян Боско