Чацвер, 08 Снежань 2016 09:20

"Кубак Дона Боско": першыя гульнявыя дні!

Аўтар

У салезіянскім араторыі імя святога яна Боско, пры мінскай парафіі святога яна Хрысціцеля ў Серабранцы распачаўся шосты штогадовы турнір па мікра-футболе “Кубак Дона Боско”. У гэтым годзе, як ужо пісалася ў папярэднім артыкуле, удзел у турніры прымае шаснаццаць каманд. Вялікую цікаўнасць турніру выклікаў і сярод каталіцкіх парафій: так сярод удзельнікаў ёсць прадстаўнікі Хрыстусоўцаў, Міхалітаў, Кармэлітаў і вядома Салезіян, ёсць і каманда з назвай SDB, капітанам якой з’яўляецца Рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, а склад уваходзяць святары, асістэнты і прынавіцыі.

Асаблівасцю спаборніцтваў пры араторыіі з’яўляецца тое, што салезіянскія аніматары і салезіяне супрацоўнікі падрыхтавалі для ўдзельнікаў невялічкія слоўкі-разважанні, за кожны гульнявы дзень ёсць адказны, які дзеліцца з камандамі гэтымі думкамі.
На старонках нашага парталу мы будзем весці дзённік спаборніцтваў, пісаць вынікі гульняў і тыя словы над якімі разважалі ўдзельнікі:
Дэвіз спаборніцтваў адлюстроўвае дэвіз салезіянскай сям’і на будучы год і гучыць так: “Футбол – школа жыцця і любові”. А першы гульнявы дзень прайшоў пад тэмай: “Футбол – школа жыцця”.

1. Футбол – школа жыцця.
Чаму мы кажам, што футбол – гэта школа жыцця? Навошта ўвогуле параўноўваць футбол і жыццё, футбол – гэта ўсяго толькі гульня, жыццё – гэта рэч глыбокая, разнастайная і шматгранная.
Але, гуляючы ў футбол і заўважаючы некаторыя рэчы мы можам шмат чаму навучыцца. Па-першае, футбол, як і кожны від спорту дапамагае нам выхоўваць наш характар, фарміруе псіхалогію пераможца. Па другое, футбол, як камандная гульня вучыць нас прымаць і шанаваць дапамогу іншых людзей, а таксама паважаць сваіх праціўнікаў.

Падчас гульні таксама больш яскрава праяўляюцца некаторыя расы нашага характару, заўважыўшы і навучыўшыся кантраляваць свае негатыўныя якасці падчас гульні, нам значна прасцей будзе гэта рабіць і падчас нашага штодзённага жыцця.
Паглядзіце таксама на нас, мы ўжо адносна не маладыя і футбол не прыносіць нам фінансавых дывідэндаў, але нягледзячы на гэта, мы працягваем гуляць у футбол, гэта значыць, што дадзеная гульня з’яўляецца для нас нечым важным. З кожнай справы, якую выконваем, трэба імкнуцца браць для сябе максімальную карысць. Таму трэбы імкнуцца гуляючы ў футбол, не толькі атрымліваць асалоду ад самой гульні, але і глядзець крыху глыбей, шукаючы карысці не толькі для цела, але і для душы.
А вынікі ў гэты дзень былі наступнымі: Глёрыя 4:5 Фавар, SDB 8:0 Міхаэль, Таты 0:3 Арлы.

Другі гульнявы дзень праходзіў у пятніцу 02.12.2016 г, і меў наступную тэму: “Футбол – школа любові”
Каб быць добрым футбалістам, неабходна ўсім сэрцам любіць гэтую гульню. Паглядзіце на Марадонну і Пеле, альбо на суперзорак сучаснасці Крышціяну Раналду і Мессі — гэтыя спартоўцы цалкам, самааддана і без рэшты закаханыя ў футбол.

Але ці дастаткова адной любові, каб дасягнуць такога ўзроўню майстэрства?! Вядома, што не! Для гэтага неабходна яшчэ шмат намаганняў: працаваць на трэніроўках, адмовіцца ад шматлікіх рэчаў, прытрымлівацца акрэсленых правілаў і нормаў жыцця.

З гэтага вынікае, што любоў, якой бы моцнай яна не была, патрабуе намаганняў. У любові таксама ёсць свае правілы і нормы, якіх варта прытрымлівацца. Мы не можам сказаць, што любім сваю маці, калі ніяк не праяўляем сваю любоў да яе. Неабходна клапаціцца пра тых, каго мы любім, калі любоў сапраўдная, то мы палюбім і гэтыя клопаты.

З іншага боку, любоў да футболу дае спартоўцам матывацыю, дае жаданне рухацца наперад, развівацца.

Так і ў жыцці, любоў павінна станавіцца нашым маторам, абуджаць нашыя лепшыя якасці, даваць нам стымул.
А такімі былі вынікі гульняў: Легіён 9 – 4 Кармэль, Савіо 11-0 Таты, FC Convorto 1 -1 Мірыэль.

Гульні трэцяга дня адбываліся ў панядзелак і разважалі мы ў гэты дзень над тэмай: “Ідэальна гладкая паверхня”.
Пакрыццё, на якім гуляюць у футбол, і яго стан адыгрываюць для спартоўцаў вельмі важную ролю. Нездарма ўзровень і тэхналогіі выраблення штучных газонаў заўсёды павышаюцца. У вялікіх клубах пра стан поля клапоціцца цэлая каманда спецыялістаў.
Для гульні ў залі паверхня таксама адыгрывае вялікую ролю, і чым горшы стан паверхні, тым цяжэй гуляць. Можна нават атрымаць траўму, наступіўшы на пашкоджанне пакрыцця. І чым больш на полі такіх непаладак, тым цяжэй гуляць, і сам футбол ператвараецца ў фарс.
Калі параўноўваць гэтую сітуацыю з нашым жыццём, то пашкоджанні пляцоўкі гэта нейкія нашы недасканаласці, якія нам замінаюць, альбо, іншымі словамі, грахі. Возьмем просты прыклад: лянота — гэта тое, што нікога не абмінае. З самага дзяцінства нам казалі, што ленавацца дрэнна, але не заўсёды ў нас атрымлівалася з лянотай змагацца. Вось мы не падрыхтавалі хатняе заданне адзін раз, другі,… не паступілі ва ўніверсітэт, не ўладкаваліся на тую працу, якую жадалі і, як вынік, мы ўжо гуляем на пашкоджаным полі свайго жыцця. Каб такога не адбылося, неабходна было проста перамагчы сваю ляноту. Прыклад даволі банальны і можа нават смешны. Але такое, на жаль, часта адбываецца ў нашым жыцці.
Усё павінна адбывацца своечасова — і рамонт поля, і выпраўленне жыццёвых памылак.

Гульні ў гэты дзень завяршыліся наступным чынам: Таты саступілі Траянскаму каню з лікам 0-3, Волат перамог Рок-н-рольшчкаў з лікам 5-1, а Вінегрэт не пакінуў шансаў Кармэлю 10-1.
Больш падрабязней пра турнір можна даведацца на старонцы Укантакце, на нашым Ютуб канале і на старонцы ў сеціве: http://savio.sdb.by/kdb6.

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Найлепшай сярэдзінай для нас, каб стаць святымі, з’яўляецца тое, каб мы распазналі Божую волю ў волі нашых кіраўнікоў, ва ўсім, што нам наказваюць і ва ўсім, што здараецца ў нашым жыцці.

Св. Ян Боско