Панядзелак, 28 Лістапад 2016 10:10

26 лістапада моладзь з Бараўлян сабралася ў араторыі св. Дамініка Савіо, каб адсвяткаваць Андрэйкі

Аўтар аніматар Аліна Тамашэвіч

Спачатку ўдзельнікі свята трошкі «павандравалі» і віртуальна наведалі горад Смаргонь, і  было вырашана зрабіць гэта на «цягніку».

Але на гэты самы цягнік таксама вырашылі сесці і цыганы. Пакуль у вагоне было шумна ад гучных танцаў, варажэнняў, спеваў, бараўлянская моладзь не адразу зразумела, што аднаго з ўдзельнікаў цыганы выкралі. Тады пачуўся скрыгат экстранага тармажэння, і ўсе пабеглі на паратунак.

У пошуках дзяўчыны, якая знікла, удзельнікі завіталі ў цыганскі табар. Там  іх прывітаў  барон.   Знаёмства праходзіла каля вогнішча. Цыганка Роза распавяла, што яна нешта  чула пра араторый, салезіян, пра салезіянскую моладзь, калі была на вакзале. Увогуле табар казаў, што яны не кралі дзяўчынку, бо яна больш падобная да іх, чым да салезіянскай моладзі з Бараўлян.

Каб уратаваць Яну, удзельнікам  прыйшлося танцаваць, весяліць барона,  шукаць скрадзенага каня, рабіць падарункі, выконваць фанты. Але насамрэч аказалася, што цыганы не такія ўжо кепскія, бо вярнулі назад дзяўчыну і нават не адпусцілі гасцей без традыцыйнай гарбаты і салодкіх пачастункаў. Напрыканцы вечара ксёндз Станіслаў Краўчанка SDB сказаў слоўка на дабранач. Было зроблена шмат супольных фотаздымкаў на памяць.

фота: кс. Станіслаў Краўчанка SDB

Думкі ксяндза Боско

Хто ведае, што яго любяць, той таксама любіць.

Св. Ян Боско