Панядзелак, 28 Лістапад 2016 10:06

У смаргонскім араторыі адбыўся баль Хрыста Валадара Сусвету

Аўтар Валерыя Неўская

20 лістапада ў смаргонскім араторыі адбыўся баль Хрыста Валадара Сусвету. Святкаванне ўрачыстасці распачалося святой Імшой, пасля якой дзеці былі запрошаны на сапраўдны баль ў араторый св. Яна Боско, дзе іх чакалі жыхары казачных валадарстваў.

Маленькія ўдзельнікі свята, для таго, каб адпавядаць святочнаму настрою,  прыбылі на баль у шыкоўных строях. І “прынцы”, і “прынцэсы” мелі вельмі добры настрой і моцнае жаданне танцаваць і дзяліцца сваёй радасцю з іншымі, таму з лёгкасцю выконвалі ўсе заданні загадчыка свята - патрабавальнага “пажа”.

  Госці разам з вядучымі свята - пасламі і пажам з нецярпеннем чакалі галоўнага ўдзельніка свята — Караля. Калі ў троннай зале з’явіўся кл. Юрый у ролі караля, усе віталі яго з вялікай радасцю. Караль запрасіў удзельнікаў свята на агульны танец.
  Далей ён распавёў, што ўсе людзі маюць толькі аднаго сапраўднага Караля Сусвету - Хрыста, які ўсіх  заўсёды чакае ў сваім Валадарстве і моцна сумуе па кожным. Нечакана, але вельмі прыемна было атрымаць пасланні ад Валадара для кожнага ўдзельніка балю.

 Усе “прынцы” і “прынцэсы”, а таксама іх бацькі былі задаволены гэтым простым, але вельмі шчырым і радасным святам, напрыканцы якога адбылася агульная малітва і фотаздымак на памяць.

Думкі ксяндза Боско

Найлепшай сярэдзінай для нас, каб стаць святымі, з’яўляецца тое, каб мы распазналі Божую волю ў волі нашых кіраўнікоў, ва ўсім, што нам наказваюць і ва ўсім, што здараецца ў нашым жыцці.

Св. Ян Боско