Панядзелак, 21 Лістапад 2016 11:29

Канцэрт у гонар святой Цэцыліі адбыўся ў Мінску

Аўтар Вольга Перадкова

19 лістапада ў парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Мінску адбыўся канцэрт у гонар святой Цэцыліі, апякупкі касцёльнай музыкі і музыкантаў.

Падчас канцэрта гучалі як традыцыйныя спевы ў выкананні парафіяльнага хора, так і некаторыя сюрпрызы. Адной з такіх  «неспадзяванак»  быў цудоўны, поўны пяшчоты i любовi спеў «Мама» ад спадарыні Гэлены, старэйшай парафіянкі. Тэма пашаны да матулі гучала таксама і ў спевах дзяцей і моладзі. Вельмі ўтульнай і сямейнай атмасферай быў прасякнуты ўвесь канцэрт, асабліва, калі спевы выконвалі сем’і.

Падчас канцэтра таксама гучалі творы, прысвечаныя нашай роднай Бацькаўшчыне. Кожны яе куточак вабiць сваёй прыгажосцю. Вельмі важна маліцца за нашую Беларусь, за кожнага яе жыхара, малога і вялікага, каб дазволілі Богу ўвайсці ў свае сэрцы.

Трэба адзначыць, што кацэрт, прысвечаны св. Цэцыліі — гэта не толькі спевы, але таксама выкананне прыгожых музычных нумароў. Гукі гітары, цымбалаў, скрыпкі, акардыёна і саксафона напаўнялі сцены капліцы.

Наша нябесная Маці таксама не засталася без увагі, бо для Яе прагучала шмат прыгожых нумароў. Сюрпрызам для сабраных на завяршэнне канцэрта быў спеў «Ave Maria» у выкананні пробашча парафіі кс. Аляксандра Мятліцкага SDB. А падчас «слоўка на дабранач» ён падкрэсліў, як важна не закопваць свае таленты, а дзяліцца імі з іншымі.

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Пацярпі хоць трошкі дзеля таго Бога, які так шмат цярпеў за цябе.

Св. Ян Боско