Панядзелак, 07 Лістапад 2016 00:54

Мінскі араторый сабраў дзяцей на восеньскія канікулы

Аўтар Яна Маціс

«Вакацыі з Богам» адбыліся з 31 касрычніка па 4 лістапада ў салезіянскім араторыі св. Яна Боско ў Мінску. Дэвізам гэтых дзён  былі словы: «Тата, мама, Бог і я — гэта лепшая сям’я!»

На працягу пяці дзён арганізатары дапамагалі дзецям, якіх было больш за 50, разважаць пра сям’ю і яе каштоўнасці. Кожны дзень раскрываў новую тэму. «Дом-сям’я» — гэта быў накірунак першага дня, каб паказаць, што сям’я складаеццца з некалькіх важных частак, як і кожны дом. У наступныя дні разглядаліся іншыя часткі «дому-сям’і». У другі дзень у цэнтры ўвагі была асоба бацькі, які, як страха дому, абараняе ад дажджу і іншых небяспек, якія б маглі разваліць будынак. Далей увага перайшла да асобы маці, якая, як дзверы дому, усіх прымае. Дзяцей параўналі з вокнамі, якія прыносяць радасць у сям’ю, як вокны просяць святло ў кожны куток дому. Разважанні апошняга дня вакацый былі скіраваныя на фундамент дому, які павінен быць як скала, і гэтым фундаментам з’яўляецца Бог.

Цікавыя гурткі — танцавальны; кулінарны, які называўся «адзін у хаце»; і таксама іншыя гурткі, у якіх дзеці маглі рабіць розныя цікавыя рэчы з паперы, бісера…— былі добрым дадаткам у плане выхавання дзяцей на гэтыя пяць дзён. Таму ў дзяцей была магчымасць узрастаць духоўна, вучыцца будаваць адносіны і развіваць новыя і цікавыя здольнасці.

Лагер завяршыўся традыцыйным канцэртам, які падрыхтавалі яго ўдзельнікі для сваіх бацькоў і салодкімі пачастункамі. Напрыканцы кс. Павел Шчарбіцкі SDB праз «слоўка на дабранач» падкрэсліў важнасць супольнай малітвы ў сям'і.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Жывіце ў вялікай радасці, толькі не грашыце

Св. Ян Боско