Нядзеля, 23 Кастрычнік 2016 18:53

Салезіянскі прэнавіцыят афіцыйна адчыніў свае дзверы ў Мінску

Аўтар SDB

У чацвер, 20 кастрычніка, падчас супольнай св. Імшы ад імя Релігійнай Каталіцкай Місіі «Таварыства Святога Францішка Сальскага» яе Рэгіянальны настаяцель кс. Віктар Гайдукевіч SDB прыняў ў прэнавіцыят двух кандытатаў: Міхаіла Вішнеўскага, які паходзіць з Мёраў, і Паўла Мароза з Мінску.

Падчас святой Імшы, якую ўзначаліў Рэгіянальны настаяцель, кандыдаты былі аддадзены пад аўцоўскую апеку адказнаму за пачатковую фармацыю і прэнавіцыят і дырэктару мінскай супольнасці кс. Паўлу Шчарбіцкаму SDB. Супольнасць св. Яна Боско ў Мінску стане для кандыдатаў месцам пазнання салезіянскай харызмы, супольнага жыцця і ўзрастання ў салезіянскім пакліканні да святарства.

У гаміліі Рэгіянальны настаяцель падкрэсліў, што для кожнага Бог мае канкрэтны план жыцця і варта прыкласці ўсе намаганні, каб яго распазнаць і рэалізаваць. Паводле яго слоў, не трэба баяцца адказаць на голас Пана ў нашым сэрцы, але з сыноўім даверам, нягледзячы на людзкія страхі, прыняць гэты план і быць, як казаў св. Ян Павел ІІ, «сапраўднымі супрацоўнікамі Божай ласкі».

Жыццё у прэнавіцыяце, пачатковым этапе фармацыі кандыдатаў, будзе напоўнена супольнай і індывідуальнай малітвай, навукай, канферэнцыямі і працай, духоўным кіраўніцствам і шматлікімі іншымі мерапрыемствамі, накіраванымі на распазнанне паклікання. Гэты час стане таксама часам узрастання і больш глыбокага пазнання салезіянскага стылю жыцця, якое напоўнена ў першую чаргу служэннем, мужнасцю і моцнай верай.

Напрыканцы св. Імшы кс. Віктар нагадаў, як важна давярацца Марыі Успамозе Хрысціянаў і заклікаў усіх, асбаліва маладых сабратоў, часта звяртацца да Яе, як да сваёй Нябеснай Маці. На знак дабравольнага жадання прыналежаць да Рэлігійнай Каталіцкай Місіі «Таварыства Святога Францішка Сальскага» маладыя сабраты перадалі Рэгіянальнаму настаяцелю свае уласнаручна напісаныя прашэнні аб прыняцці ў прэнавіцыят, а ён, са свайго боку, ўручыў прэнавіцыям Канстытуцыю і агульныя правілы Таварытсва, а таксама план салезіянскай супольнасці на наступны год.

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Будзьце ўпэўнены, што той, хто адаруе Найсвяцейшы Сакрамэнт, мае надзейную дарогу і ўзнагароду вечнага збаўлення.

Св. Ян Боско