Аўторак, 04 Кастрычнік 2016 09:28

Мінскі араторый распачаў новы год працы, прысвечаны тэме «Сям’я»

Аўтар Таццяна Бурко

1 кастрычніка ў мінскім араторыі імя св. Яна Боско прайшло свята, прысвечанае пачатку новага сезона. Па традыціі святочная праграма распачалася св. Імшой, якую ўзначаліў кс. Павел Шчарбіцкі SDB, а далей у араторыі ўсіх чакала праграма пад таямнічай назвай «Неверагодная #7 і Я». Менавіта тэме «Сям’я» будзе прысвечаны новы год працы усіх салезіянскіх араторыяў Беларусі.

Падчас свята яго ўдзельнікі дапамагалі адной прысутнай сям'і, дзеду і бабе, аднаўляць іх дом, які быў зруйнаваны ўраганам. Выконваць сваю высакародную місію ўдзельнікі свята маглі праз конкурсы і танцы, якія былі закліканы не толькі пазабавіць прысутных, але і нагадаць кожнаму з іх, якія якасці з'яўляюцца добрым падмуркам пры будаванні сям'і. Напрыканцы праграмы, дзякуючы намаганням удзельнікаў свята, дзед з бабай змаглі нанова адбудаваць сваю хату. Але яна была незвычайная: аказваецца, героі хацелі прыгадаць прысутным вернікам, што Салезіянская сям'я, як і кожная іншая, будуецца на любові, прабачэнні, павазе, радасці і адказнасці, таму у выніку ўдзельнікі свята ўбачылі перад сабой не звыклую сялянскую хату, а сімвал Салезіянскай сям'і.

Падвёў духоўны вынік свята кс. Павел. Ён падкрэсліў, што сям’я — гэта не тое месца, дзе я магу толькі браць. Кожная сям’я з’яўляецца добрым падмуркам для далейшага развіцця чалавека. Таму нельга забываць, што кожны член сям’і павінен укладаць нешта добрае ў яе.

Пасля прысутных чакаў салодкі стол і дыскатэка.
Новы сезон у мінскім араторыі толькі распачаўся, але ўжо зараз можна адзанчыць, што ён будзе вельмі багатым на розныя мерапрыемствы, з дапамогай якіх кожны вернік можа паглыбіць сваё рэлігійнае жыццё і добра правесці час у кампаніі аднадумцаў. Каб нічога не прапусціць, пільна сачыце за навінамі на sdb.byserabranka.sdb.by, а таксама ў нашых акаўнтах у соцсетках.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Заўсёды прыступаючы да Святой Камуніі, старайцеся быць дарагімі Богу і людзям, а Святая Маці будзе прасіць вам аб гэтай ласцы, каб прынялі Святую Камунію ў канцы вашага жыцця.

Св. Ян Боско