Субота, 01 Кастрычнік 2016 12:06

Урачыстасць Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні

Аўтар Кл. Юрый Пашкавец SDB

29 верасня ў смаргонскай парафіі Cвятога Міхала Арханёла адбылася адпустовая ўрачыстасць. Цэлебрацыю галоўнай святой Імшы ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

 

Разам з ім святую Імшу цэлебравалі кс. Віктар Гайдукевіч SDB, Настаяцель салезіянаў у Беларусі, кс. Алег Жураўскі SDB, дырэктар салезіянскай супольнасці ў Смаргоні і пробашч мясцовай парафіі, кс. Леон Ладыш, пробашч парафіі ў Войстаме, кс. Юрый Церабей, пробашч парафіі ў Крэва. Да прыгажосці літургіі сваёй паслугай прычыніўся таксама дк. Дзяніс Бразінскі. У канфесіянале вернікам служыў кс. Антоні Казлоўскі, пробашч парафіі ў Вішнева.

Падчас гаміліі, засярджваючыся над асобай галоўнага заступніка смаргонскай парафіі, біскуп Аляксандр звярнуў увагу на тры рэчы, якія трэба памятаць і рэалізоўваць у сваім жыцці па прыкладзе святога Міхала Арханёла. Па-першае, само імя св. Міхала Арханёла дае нам вялікую падказку ў тым, да чаго мы павінны імкнуцца. З габрэйскай мовы Міка-эль азначае «хто ж як Бог». Менавіта таму трэба паставіць Бога на першае месца ў сваім жыцці, і тады шматлікія цяжкасці, клопаты і праблемы знікнуць. Па-другое, каментуючы літургічнае чытанне з Кнігі Апакаліпсіса святога Яна, іерарх узгадаў пра барацьбу, якую вёў святы Міхал Арханёл, абараняючы Бога. Таму і мы павінны бараніць сваю веру, асабліва ў сучасным свеце. Бараніць Бога і яго Касцёл, як нашу любую маці. І па-трэцяе, асобы святых арханёлаў, якіх сёння ўзгадваем заахвочваюць нас аднавіць сваю пашану і пабожнасць да арханёлаў і анёлаў, асабліва да анёлаў-ахоўнікаў, таму што яны з’яўляюцца нашымі найлепшымі сябрамі.

Напрыканцы святой Імшы пробашч парафіі кс. Алег Жураўскі SDB выказаў словы падзякі біскупу Аляксандру і падараваў яму фігурку Добрага Пастыра. Пазней біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB выразіў сваю радасць з таго, што мог перажыць гэта цудоўнае свята ў роднай парафіі і ў родным горадзе. Распавёў некалькі словаў пра сваё служэнне на магілёўшчыне, дзе Каталіцкі Касцёл увесь час развіваецца. Падзякаваў вернікам сваёй роднай парафіі за дапамогу, якую ў мінулым годзе на свята святых арханёлаў яны аказалі пробашчу парафіі ў Крычаве кс. Паўлу Адамовічу. Біскуп падкрэсліў, што смаргонскія парафіяне заўсёды былі ахвярнымі і гатовымі дапамагчы.

Яго Эксцеленцыя выразіў таксама сваю радасць з таго, што ў парафіяльным касцёле адбываецца рамонт і будзе зменены галоўны алтар. Ён сказаў, што людзі больш патрабуюць бачыць вобраз, а не сімвалы. Таму новы барокавы алтар будзе больш спрыяць малітве, чым той, які быў.

І напрыканцы біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB удзяліў усім прысутным Божае благаслаўленне.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Найсвяцейшае Сэрца Езуса ёсць крыніцай ўсялякага благаслаўлення і розных ласк.

Св. Ян Боско