Серада, 21 Верасень 2016 14:46

Рэкалекцыі "Разважанні аб добрай смерці" у Бараўлянах

Аўтар Вераніка Сінкевіч, салезіянскі аніматар

17-18 верасня ў Салезіянскiм доме ў Бараўлянах прайшлі рэкалекцыі "Разважанні аб добрай смерці" (РДС). Духоўныя практыкаванні былі прысвечаны тэме "Сям’я - гэта школа любові і жыцця". На РДС прысутнічала каля 30 маладых людзей з розных куткоў Беларусі.

Рэкалекцыі пачаліся за кубкам гарбаты пры адным вялікім стале, дзе можна было ў сямейнай атмасферы паразмаўляць з сябрамі, якіх даўно не бачылі. Затым была канферэнцыя, якую правёў кс. Алег Каралёў SDB у бараўлянскім лесе каля вогнішча. Падчас гэтай канферэнцыі была магчымасць задумацца над такімі пытаннямі як: "Кім я з'яўляюся?", "Што дае мне мая сям'я?", "Якая яна сёння?", "Навошта выходзіць замуж (жаніцца)?"

Як адзначыў святар: "Кожны чалавек адчувае сябе бяспечным у сям'і. Сям’я - гэта інкубатар для майго развіцця. Бог, каб быць падобным на чалавека, нараджаецца ў сям'і. Сям’я дапамагае стаць сапраўднай асобай.” Калі скончылася канферэнцыя, усе разам дзяліліся ўражаннямі і вячэралі смачнымі каўбасамі, смажанымі на вогнішчы.

Потым у капліцы да 23.45 была адарацыя, якую падрыхтавалі сёстры салезіянкі. Падчас адарацыі кожны ўдзельнік мог пабыць сам на сам з Богам, задаць Яму тыя пытанні, якія так хвалююць сэрца, а таксама атрымаць адказы на гэтыя пытанні. Пазней згодна з салезiянскай традыцыяй было слоўка на дабранач, якое для прысутных прамовіла сястра Тэрэза Сольнічак FMA. Сястра Тэрэза падзялілася з моладдзю прыкладам сям’і сваіх бацькоў, шматдзетнай і вельмі пабожнай.

Кульмінацыяй другога дня стала прыміцыйная святая Імша кс. Алега Каралёва SDB. Каб больш глыбока перажыць сустрэчу з эўхарыстычным Езусам, перад святой Імшой удзельнікам РДС было прапанавана паразважаць над Божым Словам з дапамогай духоўнай практыкі "Lectio Divina".
Пасля Імшы адбылася сустрэча з маладой сужэнскай парай, Марыяй і Аляксандрам Акулік. Маладая сям’я падзялілася сведчаннем свайго сямейнага жыцця. Завязаўся дыялог паміж удзельнікамі і гасцямі.

Затым надышоў момант дынамічнай працы па групах, а для абмеркавання было прапанавана наступная тэма: “Як я прымаю сваю сям’ю?; Якую сям’ю я жадаю будаваць сам?”. Пасля працы па групах моладзі была прапанавана яшчэ адна духоўная практыка, а менавіта “пустыня”.
Падчас "пустыні" была магчымасць яшчэ раз паразважаць над наступнымі пытаннямі: "Якой будзе мая будучая сям'я?", "Якія сямейныя традыцыі будуць прысутнічаць у маёй сям'і?", "Што цяпер я раблю дзеля сваёй будучай сям'і?".

Рэкалекцыі традыцыйна скончыліся падвядзеннем вынікаў, смачным абедам і Божым благаслаўленнем.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Людзям хворым, якім наканавана цярпець ад пакутаў цялесных, дастаткова паслухмяна спаўняць указанні лекара і апекуноў, а таксама перажываць уласныя цярпенні ў супакоі і ў духу любові да Бога.

Св. Ян Боско