Субота, 06 Жнівень 2016 20:47

Першыя манаскія шлюбы сястры Дар'і Еўтухоўскай

Аўтар Уладзіслаў Зарэцкі ASC

Шостага жніўня ва ўрачыстасць Перамянення Пана ў мінскай парафіі Святога Яна Хрысціцеля сабралася вялікая колькасць людзей, каб стаць сведкамі вельмі важнай падзеі — Дар’я Еўтухоўская (у мінулым выхаванка салезіянскага араторыя і гэтай парафіі, аніматар) склала першыя часовыя манаскія абяцанні. Прыняла сястру Дар’ю ў Кангрэгацыю Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў (сёстры салезіянкі) сястра Габрыэла Родэ FMA, адказная за візітаторыю Усходняя Еўропа-Грузія «Маці Бога».

Урачыстую святую Імшу цэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Падтрымаць сястру Дар’ю прыехалі сёстры салезіянкі не толькі з Беларусі, але і з-за мяжы, прысутнічалі таксама святары салезіяне на чале з ксяндзом дэлегатам Віктарам Гайдукевічам SDB, прадстаўнік міхалітаў ксёндз Генадзь Кухарэвіч CSMA. І канешне сябры і родныя Дар’і не маглі не падтрымаць яе ў такі важны дзень.

У сваёй гаміліі біскуп Аляксандр распавёў пра тое, як Слова Божае змяняе лёсы людзей. Сваім Словам Бог стварыў увесь сусвет, сваім Словам Ён стварыў таксама і сястру Дар’ю і паклікаў яе да асаблівага служэння ў Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў. Іерарх звярнуўся да сястры Дар’і з прапановай у сваім жыцці заўсёды слухаць голас Езуса і ісці толькі за Ім, бо словы Езуса даюць упэўненасць, Ён ніколі не падмане. Шматлікія людзі ў сучасным секулярным свеце не могуць зразумець шчасця манаскага жыцця. Але гэтае шчасце ёсць, і яно поўнае, калі слухаць, што прамаўляе Бог і спаўняць Яго волю, падкрэсліў іерарх. Пакліканне кожнага чалавека ў першую чаргу заключаецца ў тым, каб дайсці да святасці. Аднак пакліканне кожнай кансэкраванай асобы выключнае – ісці да святасці хутка, імкнуцца каб ужо ў гэтым зямным жыцці быць такімі дасканалымі, як дасканалым ёсць наш Айцец. Так і сястра Дар’я атрымала пакліканне, быць дасканалай, і сваімі ўчынкамі, сваёй любоўю сведчыць аб праўдзівай святасці, і да гэтай святасці заахвочваць іншых!

Пасля гаміліі ў прысутнасці сясцёр салезіянак і ўсяго Касцёла Дар’я Еўтухоўская склала манаскія абяцанні на рукі сястры Габрыэлі Родэ FMA, а біскуп Аляксандр уручыў ёй канстытуцыі Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў і крыж.

Цікава, што ў гэты ж дзень Яго Эксцеленцыя біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB і сястра Дар’я Еўтухоўская FMA святкавалі і свае дні нараджэння. Таму пасля святой Імшы вернікі, моладзь, святары і сёстры павіншавалі біскупа Аляксандра і сястру Дар’ю з яе падвойным святам. Потым усе прысутныя былі запрошаны на святочны абед у араторый.

Віншуем сястру Дар’ю Еўтухоўскую FMA з гэтым адказным крокам у яе жыцці і дзякуем за яе «Так!», якое яна сказала Пану Богу.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Памятайце пра годны адпачынак, каб забавы былі карыснымі, аднаўлялі сілы цела і душы. Асцерагайцеся, каб забавы не былі пустымі, а час – змарнаваны.

Св. Ян Боско