Нядзеля, 31 Ліпень 2016 23:25

Сёмы дзень СДМ: галоўная Імша з Папам

Аўтар

Правёўшы ноч на полі ў Бжэгах, пры кампусе місэрыкордыя, пілігрымы прачнуліся і разам з усімі распачалі дзень з малітвы гадзінкі на польскай мове. Пасля былі прыгатаванні да галоўнай святой Імшы з Папам Францішкам. Пантыфiк прыехаў на паўгадзіны раней, усе прысутныя віталі Папу гучнымі авацыямі, кожны жадаў сфатаграфаваць, зрабіць сэлфі.

Падчас казання наступнік Пятра звярнуў увагу на Евангелле, на асобу Закхея. Папа параўнаў Закхея і моладзь. Закхей быў малога росту, так і моладзь сёння лічыць сябе малой, нязначнай, не лічыць сябе вартай. Людзі асуджалі Закхея за тое, што ён палез на дрэва, за тое што імкнецца вылезці наперад, так і моладзь сёння сутыкаецца з непрыняццем у грамадстве. Езус, які спаткаў Закхея, жадаў прайсці праз увесь горад, гэтак жа Ён жадае ўвайсці і ў нашае жыццё, у кожны куток нашага сэрца. Мы павінны прыняць Езуса ў наша жыццё, Ён дасць нам адвагі, адорыць мужнасцю жыць у праўдзе.

Атрымаўшы Папскае бласлаўленне пасля завяршэння святой Імшы пілігрымы распачалі шлях вяртання да дому. Дарога не была вельмі простай, бо шмат людзей у гэты час пакідалі поле на Бжэгах. З невялікімі перашкодамі, але здаровыя і задаволеныя салезіяне з Беларусі дабраліся да семінарыі, дзе іх чакаў смачны абед.

Пасля ўсе паехалі па хатах да сваіх гаспадароў, каб правесці гэты апошні вечар пілігрымкі ў іхняй кампаніі і падзякаваць за гасціннасць. Заўтра раніцай салезіянская пілігрымка выязджае дамоў і вязе з сабой радасць і Папскае бласлаўленне.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Любі сваю працу, калі хочаш яе добра выконваць.

Св. Ян Боско