Пятніца, 29 Ліпень 2016 09:19

Чацвёрты дзень СДМ: Беларуская Імша і сустрэча Папы

Аўтар

У чацьвер усе пілігрымы з Беларусі, якія прыбылі ў Кракаў на СДМ, сустрэліся з іерархамі беларускага Касцёла. Свой шлях туды накіравалі і салезiянскiя паломнікі.

Катэхэзу на тэму "дазвольце міласэрнасці дакрануцца да Вас" правёў біскуп Алег Буткевіч. Ён звярнуў вялікую ўвагу на неабходнасць заўважаць праявы Божай міласэрнасці ў нашым жыцці. Каб быць міласэрным да іншых у першую чаргу неабходна навучыцца міласэрнасці да самога сябе, і пасля, кіруючыся запаведзямі любові, уцелаўляць міласэрнасць у сваім жыцці. Пасля катэхезы моладзь давала сведчанні свайго жыцця а таксама задавала пытанні біскупам.

Завяршылася сустрэча супольнай святой Імшой, якую ўзначаліў ардынарый Віцебскі, разам з мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам і біскупам Юзафам Станеўскім.

Салезіянская моладзь сустрэлася са сваімі сябрамі і сабратамі, а пасля адправіліся падсілкавацца абедам у добра знаёмую салезіянскую семінарыю. А пасля накіраваліся на спатканне з Папам.

Сустрэча з Папам Францішкам дапамагла адчуць сапраўдную сусветнасць Каталіцкага Касцёла. На вялікай тэрыторыі Кракаўскіх Блоняў сабралася мноства людзей, у небе над Кракавам луналі сцягі і штандары розных краін. Стоячы з аднаго боку пляцоўкі нельга было ўбачыць другі канец гэтага вялікага людскога мора. Папа Францішак звярнуўся да сабраных і заклікаў усіх развіваць у сабе дар Божай міласэрнасці. Ён папярэджваў моладзь, каб часовая радасць ад прапаноў гэтага свету не закрыла іхнія вочы на сапраўдную радасць і задавальненне ад учынкаў міласэрнасці і жыцця ў сяброўстве з Езусам. Сустрэча з Папам, сустрэча з аднадумцамі па веры, адчуванне радасці ад удзелу ў гэтай вялікай падзеі для ўсяго каталіцкага Касцёла пакінулі ў нашых сэрцах шмат станоўчых эмоцый.

З нецярпеннем чакаем дзень наступны, з Богам!

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Кожны хай будзе гатовы цярпець  холад і гарачыню, беднасць і пакору столькі раз, колькі патрэбна каб памножыць Хвалу Бога і здароўя вашай душы

Св. Ян Боско