Субота, 30 Красавік 2016 20:52

У мінскім араторыі адбыліся спаборніцтвы па мікра-футболе за Кубак св. Дамініка Савіо

Аўтар Салезіянін супрацоўнік Уладзіслаў Зарэцкі

Чацвёрты штогадовы турнір па мікра-футболе ў гонар святога Дамініка Савіо ў мінскім салезіянскім араторыі імя святога Яна Боско адбыўся 23 красавіка. У турніры прыняло ўдзел восем каманд з розных куткоў нашай краіны. Спаборніцтвы былі зарганізаваны для юных футбалістаў ва ўзросце ад 12 да 15 гадоў уключна.

Распачалося ўсё а 10-й гадзіне святой Імшой, галоўным цэлебрантам якой быў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Казанне прамовіў ксёндз Сяргей Бараўнёў з Беразінскага. У сваёй прамове кс. Сяргей звярнуў увагу на асобу святога Юрыя. Святар падкрэсліў неабходнасць імкнуцца да перамогі не толькі на футбольным полі, але і ў сваім уласным жыцці, асабліва духоўным. Вельмі добра да тэмы спаборніцтваў пасавалі і словы псальма: «Хто ў слязах сеяў, жаць будзе з радасцю». Сапраўды, каб атрымаць перамогу на выніковых спаборніцтвах, спартоўцы павінны прыкласці шмат намаганняў на трэніроўках у працэсе падрыхтоўкі. На завяршэнне святой Імшы арганізатары падрыхтавалі для каманд апавяданне пра жыццё і гісторыю святасці галоўнага апекуна турніру святога Дамініка Савіо.

Пасля супольнай малітвы каманды перайшлі ў будынак араторыя, дзе і знаходзілася галоўная пляцоўка футбольных баталій. Удзел у турніры прыняло восем каманд, а менавіта: ФК «Дамінік» (Мінск, Серабранка), ФК «Фавор» (Полацк), ФК «Радасць»  (Беразінскае), ФК «Bosco»  (Смаргонь), ФК «Бараўляны», ФК «Арлы»  (Мінск), ФК «Blue-White Power»  (Мінск). Трэба адзначыць, што ў салезіянскай сістэме выхавання важная роля належыць асістэнцыі — выхавацель заўсёды павінен прысутнічаць разам са сваімі выхаванцамі, быць побач з імі і, калі ёсць неабходнасць, падказаць ці дапамагчы. Так і падчас турніру з кожнай камандай быў адказны: святар, д’якан, сястра законная або свецкая асоба. Таксама на працягу усяго дня на спаборніцтвах прысутнічаў ксёндз-дэлегат Віктар Гайдукевіч SDB.

Варта звярнуць увагу і на дух сяброўства, які панаваў на турніры. Усе свае эмоцыі хлопцы пакідалі на полі, спрэчкі і незадаволенасць не выходзілі за межы гульнявой пляцоўкі і пасля фінальнага свістку гульцы з сапернікаў пераўтвараліся ў сяброў.

Гульні былі вельні цікавымі і напружаннымі, дзеці хваляваліся і падтрымлівалі адзін аднаго. Заўзятары сталі сведкамі добрай каманднай гульні, яскравай  індывідуальнай тэхнікі, прыгожых галоў і неверагодных ратаванняў у выкананні брамнікаў.  Дастойных было шмат, але спаборніцтвы патрэбны для таго, каб вызначыць пераможцу. Такім чынам, у выніку туніру трэцяе месца заняў ФК «Blue-White Power» (Мінск), другім стаў ФК «Bosco» (Смаргонь), а перамог ў турніры ФК «Арлы» (Мінск). Найшлі сваіх уладальнікаў і індывідуальныя узнагароды, так лепшым брамнікам стаў Ілля Рудовіч (ФК «Арлы»), лепшым бамбардзірам стаў, забіўшы 13 галоў, Станулевіч Максім (ФК «Арлы»), а лепшым гульцом турніру прызналі Паўла Клімука (ФК «Міхаэль»).

Турнір завяршыўся, вынікі падведзены, і нам застаецца чакаць наступнага, пятага Кубка святога Дамініка Савіо.

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Смерць – для некаторых, хто мае супакойнае сумленне з’яўляеццп суцехай,  мейсцам, якое вядзе да дасканаласці, шчасця, Для таго хто  мае на душы грэх, наадварот, з’яўляецца найвялікшай мукай, тэрорам, цярпеннем, роспаччу

Св. Ян Боско