Субота, 26 Сакавік 2016 23:22

Вялікі Тыдзень ў дзятлаўскай парафіі

Аўтар Алена Баклага

24 сакавіка, у Вялікі чацвер, вернікі парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі сабраліся ў нашай святыні як вучні на Апошняй Вячэры. Узначаліў Святую Імшу кс.Здзіслаў Вэдэр SDB.

Падчас гаміліі кс.Здзіслаў Вэдэр SDB звяртаў увагу прысутных на вялікую любоў Езуса Хрыста да кожнага з нас праз перамянення хлеба і віна ў сваё Цела і Кроў, праз устанаўленне сакрамэнту Эўхарыстыі і сакрамэнту пасвячэння. Мы павінны як мага часцей гаварыць “Езу,  я люблю цябе”. Пасля гаміліі кс.Здзіслаў Пікула SDB, па прыкладу Езуса, правёў абрад абмывання ног, які паказвае нам, што і мы павінны прынізіць сябе і аказваць адзін аднаму любоў.

25 сакавіка, у Вялікую Пятніцу, упершыню ў нашай парафіі дзеці і моладзь араторыя імя благаславёных мучанікаў з Познані прадставілі інсцэніраваны Крыжовы Шлях Бескарыслівай Любові, які дапамог кожнаму верніку яшчэ раз успомніць і перажыць апошнія гадзіны жыцця, пакутаў і смерці на крыжы Пана нашага Езуса Хрыста. Пасля Набажэнства Вялікай Пятніцы дзеці і моладзь араторыя правялі Чуванне каля Панскага гробу, выказваючы ўдзячнасць Езусу Хрысту за яго любоў і разважаючы над сваім уласным жыццём.

Увечары, 26 сакавіка, прайшла ўрачыстая Пасхальная Вігілія. Каля касцёла кс. Здзіслаў Вэдэр SDB  асвяціў агонь, ад якога быў запалены пасхал – сімвал уваскрэслага Хрыста. У часе Пасхальнай Вігіліі, трымаючы ў руках запаленыя свечкі, мы вызналі сваю веру і адракліся ад зла. Кс.Здзіслаў Вэдэр SDB заклікаў вернікаў на працягу ўсяго свайго жыцця прытрымлівацца вучэння Езуса Хрыста і на ўсё глядзець Яго вачыма. Пасля набажэнства дзеці і моладзь араторыя правялі Адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой дзякавалі Богу за дар жыцця, за Яго прысутнасць у сваім жыцці, за сяброў і людзей, якія прымушаюць радавацца і ўсміхацца, за ксяндзоў-салезіянаў, якія дапамагаюць знайсці сваё пакліканне.

У Велікодную нядзелю шмат вернікаў, напоўненыя шчырай верай, любоўю і радасцю Уваскрасення Езуса Хрыста, сабралася раніцай у нашай святыні. Урачыстасць святочнай працэсіі і св. Імшы надаў духавы аркестр.

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Усе мы павінны прымаць удзел з Езусам у Яго крыжы, а нашым крыжам з’яўляецца цярпенне

Св. Ян Боско