Нядзеля, 24 Май 2015 16:34

Новая салезіянская супольнасць заснавана ў Бараўлянах

Аўтар

24 мая 2015 года ва ўрачыстасць Спаслання Святога Духа парафія Маці Божай Успамогі Хрысціянаў (Бараўляны) адзначыла яшчэ некалькі падзей. Акурат на гэты дзень  прыпадала адпустовая для бараўлянскай парафіі ўрачыстасць Марыі Успамогі Хрысціянаў. Наступнай падзеяй, якая адкрыла новую старонку ў гісторыі салезіянскай Сям'і ў Беларусі, стала заснаванне новай салезіянскай супольнасці св. Дамініка Савіа. Дырэктарам супольнасці быў прызначаны кс. Віктар Гайдукевіч SDB.

Св. Ян Боска абраў патронкай Салезіянскай Сям’і Марыю Успамогу Хрысціянаў, тую, якая заступаецца за кожнага хрысціяніна. Яна супрацоўніца Святога Духа. Пад Яе апеку ён аддаў кожнага маладога чалавека, які пераступае парог салезіянскага араторыя. “Узнясём разам нашы малітвы да Маці Божай Успамогі Хрысціянаў . Яна лечыць, Яна выслухоўвае просьбы, Яна разумее нашы беды і спачувае нам,” – казаў кс. Боска. Эўхарыстыя і набажэнства да Марыі Успамогі – гэта дзве калоны збаўлення, на якія нам настойліва раіць абапірацца наш заснавальнік. Таму гэты дзень так важны, каб асаблівым чынам падзякаваць Найсвяцейшай Панне за Яе апеку.

На пачатак святкаванняў святары, сёстры і ўсе вернікі сабраліся за адным Эўхарыстычным сталом. Урачыстую Св. Імшу ў парафіі ўзначаліў настаяцель Рэлігійнай Каталіцкай Місіі “Таварыства св. Фрацішка Сальскага” кс. Віктар Гайдукевіч SDB. У гаміліі да вернікаў звярнуўся кс. Аляксандр Яшэўскі SDB, дырэктар салезіянскай супольнасці св. Яна Боска (Мінск), які цікава, даступна і пазнавальна расказаў пра свята Спаслання Святога Духа, пра Маці Божую Успамогу Хрысціянаў і св. Дамініка Савіа. Затым кс. Аляксандр прачытаў Дэкрэт інспектарыяльнага настаяцеля аб заснаванні супольнасці св. Дамініка Савіа ў Бараўлянах і прызначэнні дырэктарам супольнасці кс. Віктара Гайдукевіча SDB. Салезіяне і салезіянкі, дзеці, моладзь і ўсе вернікі ад душы прывіталі новага дырэктара і пажадалі, каб ён быў добрым садоўнікам у садзе іх веры. Кс. Віктар з удзячнасцю прыняў і назначэнне, і віншаванні і прызначыў вікарыем супольнасці кс. Казіміра Шыдэлка SDB, пробашча парафіі. Эканомам супольнасці і адказным за араторый быў прызначаны кс. Іван Огар SDB.

Другая частка святкаванняў прайшла ў араторыі. Там Маці Божую парадавала сваім выступленнем музычная студя “Гармонія”, што працуе пры араторыі. Сваё выступленне маладыя і талененавітыя прысвяцілі Марыі Успамозе Хрысціянаў.

Свята скончылася малітоўным зваротам да Маці Божай і благаслаўленнем, якое людзі атрымалі праз рукі кс. Івана.

Дзякуем Богу і Найсвяцейшай Панне за благаслаўленне і пашырэнне салезіянскай справы на хвалу Божую і дзеля збаўлення душаў на нашай Бацькаўшчыне. Просім, каб св. Ян Боска дапамагаў быць вернымі харызме і служыць, як ён: з моладдзю і для моладзі. 

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Тое, што служыць целу, у выніку павінна весці да шчасця духоўнага, павінна павялічваць хвалу Бога.

Св. Ян Боско