Нядзеля, 31 Студзень 2016 16:42

Урачыстасць святога Яна Боско адзначылі ў магілёўскай катэдры

Аўтар

31 студзеня ўвесь салезіянскі свет адзначаў урачыстасць заснавальніка Салезіянскай сям’і, а таксама Айца і Настаўніка моладзі — святога Яна Боско.

 

Акрамя дыяцэзіяльнага клеру, такіх манаскіх супольнасцяў, як дамінікане, францішкане, піяры і кларэтыны, у мінулым годзе па воле Святога Айца да іх далучыўся салезіянін — дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і біскуп вікарый магілёўскага рэгіёну Аляксандр Яшэўскі SDB, які і ўзначаліў урачыстасць.

На пачатку святой Імшы біскуп адзначыў: «Ксёндз Ян Боско — адзін са святых, якія маюць пастаяннае і вельмі важнае месца ў гісторыі паўсюднага Касцёла. Менавіта ён — Айцец і Настаўнік моладзі — стаў вядомы як геніяльны педагог, які стварыў новы стыль адукацыйнай сістэмы, якую называюць прэвентыўнай сістэмай выхавання. Запрашаю ўсіх маліцца за нашых дзяцей і моладзь, а таксама за ўсіх, хто адказвае ў нашай краіне за адукацыю, каб дзякуючы розуму, рэлігіі і любові выхоўваць маладое пакаленне нашага грамадства».

У гаміліі іерарх нагадаў гісторыю жыцця святога Яна Боско і яго дзейнасць, а таксама задаў пытанне: «што гэты італьянскі святы з ХІХ стагоддзя можа перадаць нам, людзям ХХІ стагоддзя, якія жывуць ва ўсходняй частцы Еўропы, у Беларусі?».

Адказваючы на яго, біскуп сказаў: «Ксёндз Боско, як і тады, так і сёння паўтарае за Езусам пасланне ўсяму свету: “Хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае”. Мы сёння часта не разумеем такіх слоў. Ставімся да іх павярхоўна. Але для ксяндза Боско душа дзіцяці, душа маладога чалавека была ўсім светам. Таму ён з адкрытым сэрцам прымаў дзяцей і паўтараў за святым Францішкам Сальскім: “Дай мне душы, усё астатняе забяры”. Па прыкладзе Хрыста — Добрага Пастыра — ксёндз Боско хацеў здабыць душы маладых людзей для Бога, таму і паўтараў: “Я хачу вас бачыць шчаслівымі тут, на зямлі, і там, у небе”. А маладыя, адчуваючы вялікую дабрыню гэтага святара, не заставаліся ў даўгу. Шчодра адказвалі на дар сапраўднай любові. Хіліліся да яго. Давяралі яму цалкам, пазбаўлялі ксяндза Боско ўсяго, крадучы яго сілы, пачуцці, час».

«Гледзячы сёння на простага п’емонцкага святара, чуеш, як ён нястомна паўтарае для ўсіх нас: “Ідзіце да моладзі! Гэта першае і асноўнае патрабаванне адукацыі. Не чакайце, пакуль маладыя людзі прыйдуць да вас. Вы ідзяце да іх», - дадаў біскуп.

На завяршэнне ўрачыстай святой Імшы іерарх сказаў: «Колькі выдатных думак, разважанняў, павучанняў, вельмі сучасных і вельмі важных, перадае нам сёння святы Ян Боско. Скарыстаемся імі і, узбагачаныя ведамі, мужна будзем супрацьстаяць выклікам сучаснасці. Будзем вучыцца прымаць маладых такімі, якімі яны ёсць, і, як святы Ян Боско, перамяняць іх на сапраўдных дзяцей Неба».

Разам з моладдзю катэдральнай парафіі біскуп Аляксандр Яшэўскі падрыхтаваў больш за 200 павучальных думак ксяндза Боско для ўдзельнікаў урачыстасці. Кожны, выходзячы з катэдры, мог узяць для сабе як памятку і залатыя словы Айца і Настаўніка дзяцей і моладзі.

Паводле: catholic.by

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Выкінце з вашага сэрца грэх і сувязь  з ім. Будзеце ведаць дастаткова, каб збавіць свае душы

Св. Ян Боско