Пятніца, 24 Ліпень 2015 17:37

У мінскім араторыі прайшлі вакацыі з Богам пад назвай “Яны сустрэлі ксяндза Боско”

Аўтар

З 13 па 24 ліпеня ў араторыі імя св. Яна Боско ў Мінску прайшоў летнік для дзяцей ад 6 да 14 гадоў пад назвай “Яны сустрэлі ксяндза Боско”. На працягу 10 дзён удзельнікі вакацый з дапамогай арганізатараў разважалі над тым, як змянілася жыццё пэўных юнакоў, якія калісьці сустрэлі на сваім жыццёвым шляху Дона Боско.

 

Гэты святар заўсёды ўмеў заўважыць у маладым чалавеку добрае зерне і дазволіць яму прарасці. Для св. Яна Боско не існавала дрэнных хлопцаў, да кожнага ён ішоў з вялікай радасцю і жаданнем дапамагчы.       

Амаль кожны дзень удзельнікі летніку сустракаліся з рэальна існуючай калісьці асобай, якая сустрэла Дона Боско. Праз знаёмства з васьмю хлопцамі (Ян Баціста Франчэзіо, Францішак Чэруцці, Караль Гасціні, Алаізій Арыёнэ, Міхаіл Руа, Філіп Рынальдзі, Алаізій Камола, Барталамей Гарэллі) дзеці вучыліся ўласным для іх рысам характару. Арганізатары праз кожную з гэтых асобаў імкнуліся падкрэсліць значнасць радасці, дабра, узаемаразумення, даверу, чысціні, імкнення да святасці.

Кожны дзень летніку пачынаўся святой Імшой, падчас якой кс. Павел Шчарбіцкі SDB звяртаў асаблівую ўвагу дзяцей на найбольш важныя моманты тэмы дня. “У нашыя часы ёсць шмат людзей “сляпых”, якія не заўважаюць, за што могуць дзякаваць Богу і бліжняму. Ксёндз Боско казаў пра такіх людзей, што яны вельмі небяспечныя, бо не вераць у Бога”, - падкрэсліў святар у апошні дзень летніку.  

Напрыканцы вакацый па традыцыі прайшоў канцэрт для бацькоў – бо карысна дзяліцца тым, што атрымалі падчас летніку.

Падчас вакацый з Богам-2015 у душах удзельнікаў было пасеяна добрае зерне, і на сумленні кожнага выхавацеля дапамагаць яму развівацца, каб парасткі ператварыліся ў моцныя дрэвы.

Летнія вакацыі з Богам – толькі адна з магчымасцяў, якой можна скарыстацца ў мінскім араторыі. У верасні для ўсіх жадаючых адкрые свае дзверы дзіцячы араторый, таксама рыхтуюцца адметныя святочныя праграмы для дзяцей. Сачыць за інфармацыяй можна на сайце serebranka.sdb.by, на сайце www.sdb.by, а таксама на старонцы “Вконтакте”.  

 

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Калі чыніш дабро ці змагаешся са спакусамі, даверся Марыі, каб быць гатовым на прыніжэнне, патаптанне чалавечай годнасці і, таксама, на цярпенне

Св. Ян Боско