Субота, 08 Жнівень 2015 17:29

На вежах новага касцёла ў мінскай Серабранцы ўстаноўлены крыжы

Аўтар

8 жніўня ў парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Мінску адбылася ўстаноўка і асвячэнне крыжоў на вежах касцёла, які будуецца. Асвячэнне здзейсніў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. 

 

У слове падчас асвячэння іерарх назваў гэтую падзею “яшчэ адным знакам уваскрасення Касцёла ў нашай краiне”. 

Мітрапаліт нагадаў, што мінулай восенню крыжы былі ўстаноўлены на касцёле ў Чыжоўцы, вясной гэтага года – у Каменнай Горцы, і ўсё гэта “знакі прысутнасцi католiкаў у сталiцы Беларусi”. 

Па словах арцыпастыра, гэтыя крыжы “будуць заклiкаць нас не зацыклiвацца толькi на зямных справах, але падымаць галаву ўверх, да Бога, каб жыць Ягонай праўдай”.

Таксама з нагоды Дня будаўнікоў, які будзе адзначацца заўтра, Мітрапаліт павіншаваў іх з прафесійным святам і падзякаваў ім.

У гаміліі падчас святой Імшы арцыбіскуп сказаў: “Хто яшчэ два дваццаць пяць гадоў таму мог падумаць, што ў Мiнску будуць будавацца касцёлы, на вежах якiх узнімуцца крыжы, як знакi нашага збаўлення i надзеi? У часы ганенняў на веру крыжы знiшчалi, iх скiдалi з касцёльных вежаў, над iмi глумілiся. Прадстаўнiкi атэiстычнай улады пры гэтым смяялiся, а вернiкi плакалi, бо нiшчылiся сiмвалы хрысцiянства. Але Бог паказаў, што ўмее пiсаць проста на пакручастых лiнiях гiсторыi. I там, дзе крыжы руйнавалiся, сёння яны адбудоўваюцца”.

Мітрапаліт распавёў пра сiмвалiзм крыжа, які складаецца з дзвюх частак – вертыкальнай i гарызантальнай. Гарызантальная, як адзначыў арцыпастыр, сiмвалiзуе чалавека, а вертыкальная – яго адносiны з Богам. “Калi б не было вертыкальнай, то гарызантальная ўпала б на зямлю. Так ёсць з чалавекам, якi не мае адносiн з Богам і жыве без Яго. Ён паддаецца спакусам i падае ў грахоўнае балота. Калi ж ён злучаны з Богам, то знаходзiцца над iм”, - патлумачыў іерарх. Месца ж скрыжавання вертыкальнай i гарызантальнай частак крыжа, дадаў Мітрапаліт, - гэта месца, дзе воля чалавека супадае з Божай воляй.

“Сучасны чалавек перажывае вялiкi крызiс веры. Ён больш давярае сабе, а не Богу. Чым гэта ўсё заканчваецца – вiдавочна, - сказаў арцыбіскуп. - У той жа час Бог дае нам рэцэпт - а менавiта Ягоны закон. Хаця жыццё паводле яго і з’яўляецца крыжам, але крыжам збаўлення”. 

“Калi мы знаходзімся ў лесе, то стараемся не згубiць з вiду арыенцір, якiм звычайна з’яўляецца высокае дрэва ці іншы пункт аднясення, каб яго можна было бачыць здалёк, - дадаў іерарх. - На вежы касцёла, які будуецца ў Серабранцы, з’явiўся арыенцір – крыж. Няхай ён нам, людзям ХХI стагоддзя, якія знаходзяцца ў цёмным лесе нявер’я і адыходу ад Бога, будзе арыенцірам, якi прывядзе да Касцёла, дзе нас чакае Езус у Святым Пiсаннi, сакрамэнтах, асаблiва ў Эўхарыстыi”.

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Які добры наш Пан — Ён ніколі не дазволіць, каб мы ў чым-небудзь мелі нястачу. Давайце служыць Яму з вялікаю ахвотаю. Давайце любіць Бога ў Тройцы адзінага. Любіць дзеля таго, што Ён — наш Айцец, наш Валадар, Ён — Любоў — адзін з сямі дароў.

Св. Ян Боско