Серада, 16 Снежань 2015 18:18

Дзіцячы хор парафіі св. Міхала Арханёла з радасцю спявае Пану Богу

Аўтар с. Вераніка Блізнюк FMA

"Quis cantat, bis orat"  ("Хто спявае, той двойчы моліцца") – гэтыя словы св.Аўгусціна мы часта можым пачуць, калі размаўляем наконт спеваў падчас малітвы ці іншых літургічных спатканняў.  Менавіта гэтыя словы і з'яўляюцца дэвізам нашага дзіцячага парафіяльнага хору парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні. І гэта не проста звычайныя словы, але для ўдзельнікаў хору яны маюць важнае значэнне.

Наш дзіцячы хор існуе ўжо некалькі гадоў, а за апошнія тры – чатыры гады склад яго ўдзельнікаў часта змяняўся: хтосьці дарос і перайшоў у моладзевую групу, а хтосьці наадварот, ужо з маленькіх гадоў вырашыў спяваць для Пана. Сёння хор лічыць каля 30 дзяўчынак ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў, якія ахвотна дзеляцца сваімі талентамі. Ці ў кожнага ўдзельніка хору ёсць сапраўдны талент спеву? Цяжка адказаць на гэта пытанне, бо наш хор – гэта не прафесійная група, але галоўнае тое, што ўсе дзяўчаты гатовыя шчыра праслаўляць Бога праз свой спеў. І, як кажуць самі дзяўчынкі, спеў для іх – гэта малітва, якая ўпрыгожвае і акрыляе словы, якія яны з сэрца кіруюць да Бога.

Хтосьці аднойчы сказаў, што сумесная малітва – гэта дух набажэнстваў, а касцёльны спеў – гэта яго душа. Мэта малітвы – адносіны з Богам, а мэта спеваў – з'яднаць разам людзей, якія моляцца і данесці іх агульныя, брацкія малітвы да Неба. Вось, менавіта так і лічаць удзельнікі хора: "Наш хор – гэта вялікая дружная сям'я, дзе кожны адчувае сябе важнай часткай, дзе мы ўсе разам шчыра спяваем для Бога, дзе мы радасна і актыўна праводзім свой час, бо адчуваем сябе тут вельмі добра".

Мэтай дзіцячага парафіяльнага хору з'яўляецца не толькі спеў падчас Святой Імшы ў нядзелю ці ў іншыя святочныя дні, як лічаць многія, але таксама асабістае ўзрастанне да святасці і актыўны ўдзел у шматлікіх іншых акцыях, прысвечаных розным момантам Літургічнага году. За апошнія тры гады наш дзіцячы хор актыўна ўдзелінічаў у канцэртах Цэцыліяды, якія кожны год праходзяць у араторыі св.Яна Боска, таксама рыхтаваў і паказваў калядныя сцэны, з якімі наведваў іншыя парафіі, бальніцу, дом састарэлых, вайсковую частку. А ў студзені 2015 гада наш хор у якасці гасцей удзельнічаў у Фестывалі калядных спеваў у Іўі. Таксама і ў гэты час падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння мы рыхтуем Святочны канцэрт з разважаннямі, радасцю з якога хочам падзяліцца з нашымі парафіянамі і адведзіць вайскоўцаў і іншыя парафіі.

Усе гэтыя акцыі мы можам праводзіць дзякуючы нашым дабрадзеям і супрацоўнікам, але асаблівым чынам хочацца адзначыць, што кожную ініцыятыву нашага хору вельмі шчыра і ахвярна падтрымлівае наш пробашч кс. Алег Жураўскі SDB. І мы вельмі ўдзячны яму за ўсё, што ён для нас чыніць, калі дапамагае ў арганізацыі выяздаў, а ў апошнім часе дапамог змяніць знешні выгляд удзельнікаў хору, спрыяючы шыццю новых касцюмаў з прыгожымі эмблемамі са св. Міхалам Арханёлам. Дзяўчынкі вельмі ганарацца тым, што могуць належыць да дзіцячага хору і з гатоўнасцю чакаюць новыя прапановы.

 

Думкі ксяндза Боско

Пацярпі хоць трошкі дзеля таго Бога, які так шмат цярпеў за цябе.

Св. Ян Боско