Панядзелак, 20 Ліпень 2020 10:08

Вернікі Залесся прывіталі новага пробашча

Аўтар

19 ліпеня падчас нядзельнай Эўхарыстыі адбылося прывітанне новага пробашча вернікамі капліцы Маці Божай Вастрабрамскай у Залессі. 

Залесская капліца пабудавана ў пачатку XIX ст. з цэглы паводле праекта архітэктара М. Шульца пры сядзібна-паркавым ансамблі кампазітара і палітычнага дзеяча Міхаіла Казіміра Агінскага. Зноў адчынена пасля камуністычнага панавання ў 1990 г. і ўваходзіць у склад парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні, якой апякуюцца салезіяне. 

12 ліпеня ў парафіі адбылося прызначэнне новага пробашча. Ім стаў кс. Павел Шчарбіцкі SDB. 

Католікі Залесся таксама ўрачыста прывіталі кс. Паўла ў сваёй парафіі. Пад гук каплічнага звону парафіяне сустрэлі новага пробашча ля святыні традыцыйным хлебам-соллю. Пасля слоў прывітання кс. Павел атрымаў ад парафіянаў кветкі і, выказаўшы падзяку за цёплы прыём, увайшоў у капліцу.

Святую Імшу ўзначаліў новы пробашч, канцэлебраваў Эўхарыстыю вікарый парафіі кс. Артур Ляшнеўскі SDB. Падчас гаміліі кс. Павел падкрэсліў, што ўсе мы з’яўляемся добрым зернем ад самага пачатку, аднак намаганнямі злога духа мы можам пераўтварыцца ў пустазелле. “Грэшнік не з’яўляецца злом, – працягнуў святар, – злом ёсць яго грэх. Дрэнны ўчынак, а не чалавек, таму нам нельга судзіць іншых”. 

Пасля святой Імшы кс. Павел падзякаваў усім сабраным у капліцы за прысутнасць і добрыя словы. Святар паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб заспакоіць доўхоўныя патрэбы вернікаў, падкрэсліваючы, што душпастырскую сям’ю ў Залессі духавенства і вернікі парафіі будуць будаваць разам.

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Калі хочам прасіць дапамогі нашага Добрага Бога Айца, павінны быць гатовыя ахвяраваць усё.

Св. Ян Боско