Чацвер, 16 Ліпень 2020 15:10

Кс. Павел Шчарбіцкі SDB прызначаны новым пробашчам парафіі Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні

Аўтар Аліна Арцюкевіч

12 ліпеня 2020 года на ўрачыстай святой Імшы быў прызначаны новы пробашч парафіі Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні - кс. Павел Шчарбіцкі SDB. 

На святой Імшы прысутнічаў дэлегат біскупа Гродзенскай дыяцэзіі дэкан Смаргонскага дэканата кс. канонік Леанард Станкоўскі, рэгіянальны настаяцель салезіянаў на Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB, сабраты і члены салезіянскай сям’і, а таксама шматлікія парафіяне, каб разам прывітаць новапрызначанага пробашча, а таксама даверыць яго Богу ў сумеснай малітве.

Перад распачаццем святой Імшы дзеці правялі новапрызначанага пробашча да алтара, дзе ксёндз дэкан прадставіў яго усёй парафіяльнай супольнасці і звярнуўся да наміната, прыпамінаючы яму аб яго адказнасці:  “Аддаю табе ў апеку духоўнае дабро вернікаў,.. імкніся служыць ім так, каб ты мог з чыстым сумленнем стаць перад Богам, Справядлівым Суддзёю”. Пасля быў зачытаны дэкрэт біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандра Кашкевіча аб прызначэнні кс. Паўла на пасаду пробашча парафіі Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні, да якога было дадана пажаданне плённага служэння ў справе збаўлення душаў.  

Пасля кс. Леанард сімвалічна перадаў ключы смаргонскага касцёла новаму пробашчу з наказам адчыняць гэтую святыню ўсім, хто шукае Бога, і  кіраваць парафіяй як нястомны работнік Вінаградніка Пана.

Дзеці, моладзь і ўсе вернікі парафіі склалі свае віншаванні і зычэнні кс. Паўлу, падкрэсліваючы важнасць асобы пробашча для ўсёй парафіі і радасць з нагоды яго прызначэння.

Падчас гаміліі кс. Павел звярнуўся да прысутных з думкай аб тым, што Божая Любоў настолькі вялікая, што яна сее сваё зерне не толькі на добрую і падтрыхтванную зямлю, але ўсюды, нават калі здаецца, што гэтая зямля не прынясе плёну.  Бог сее зерне ў кожнае чалавечае сэрца, нават у самае слабое, таму што мае моц і жаданне змяніць яго і дапамагчы ўзрасці.

Падчас святой Імшы не было прывычнага моманту вызнання веры. Кс. Павел перад распачаццем выканання сваіх абавязкаў ад імя Касцёла прамовіў урачыстае вызнанне веры і даў прысягу вернасці, адпаведныя дакументы былі падпісаныя на алтары. 

Гэтая падзея вельмі важная як для парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні, так і для ўсёй салезіянскай сям’і на Беларусі. Дзякуем Пану Богу за дар новага пробашча ў Смаргоні і давяраем кс. Паўла Шчарбіцкага SDB Божай апецы ў сваіх малітвах.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Не выхваляйцеся ніколі тым, што ведаеце. Чым болей ты ведаеш,  тым болей сазнаеш , што шмат не ведаеш.

Св. Ян Боско