Аўторак, 16 Чэрвень 2020 14:12

Прыміцыйная св. Імша айца Аляксея Юхневіча OFMconv адбылася ў Смаргоні

Аўтар Марта Адахоўская, салезіянскі аніматар

14 чэрвеня ў парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні адбылася ўрачыстая прыміцыйная святая Імша айца Аляксея Юхневіча OFMconv. Айцец Аляксей нарадзіўся ў Івянцы, 23 мая з рук дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне ў сваёй роднай парафіі.

Прыміцыйная літургія распачалася працэсіяй на ўваход, калі пад гук званоў і радаснага спеву новапрэзбітэр дайшоў да палявога алтара парафіі, дзе распачалася ўрачыстасць. Словы прывітання на пачатку літургіі скіраваў да дастойнага госця кс. Артур Ляшнеўскі SDB, які з’яўляецца даўнім сябрам айца Аляксея. Падчас казання новапрэзбітэр звярнуў увагу сабраных вернікаў на бясконцую любоў Бога да чалавека, якую Ён даказвае на працягу ўсёй гісторыі існавання чалавецтва. Таксама айцец Аляксей падкрэсліў неабходнасць паглыблення кожным чалавекам сваёй веры і адзначыў, што вельмі важна чытаць і вывучаць Божае слова.

Напрыканцы святой Імшы да новавысвячанага святара звярнуўся кс. Здзіслаў Вэдэр SDB, які падзякаваў прысутным на Эўхарыстыі бацькам новапрэзбітэра за тое, што даверылі сына Богу і падтрымалі яго ў рэалізацыі паклікання. Таксама кс. Здзіслаў заахвоціў прысутную моладзь не баяцца адказаць “так” Богу, калі Ён кліча. Пасля да айца Аляксея са словамі шчырых віншаванняў звярнуліся смаргонскія вернікі.

На заканчэнне айцец Аляксей падзякаваў смаргонцам за цёплы прыём і добрыя сэрцы і ўдзяліў прысутным прыміцыйнае благаслаўленне.

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Калі справы ідуць добра, не трэба іх змяняць, прыдумваючы прычыну, каб яны ішлі яшчэ лепш

Св. Ян Боско