Аўторак, 26 Май 2020 14:09

Урачыстасць Марыі Успамогі Хрысціянаў адзначылі ў Смаргоні

Аўтар Наталля Субко – Старшыня АДМА ў Смаргоні

24 мая салезіянская сям’я Смаргоні адзначыла Урачыстасць Марыі Успамогі Хрысціянаў. Менавіта Марыю Успамогу Хрысціянаў выбраў святы ксёндз Боско галоўнай апякункай усіх галін  салезіянскай сям’і –  салезіянаў, законных сясцёр – Дачок Марыі Успамогі, салезіянаў супрацоўнікаў, членаў Асацыяцыі ADMA. У парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні служаць святары салезіяне, сёстры салезіянкі, дзейнічае Асацыяцыя Салезіянаў супрацоўнікаў і Асацыяцыя Марыі Успамогі Хрысціянаў. Прадстаўнікі ўсіх салезіянскіх груп Смаргоні з вялікай удзячнасцю сабраліся на святой Эўхарыстыі.

 Урачыстасці Марыі Успамогі Хрысціянаў папярэднічала Навэнна. Члены салезіянскай сям’і Беларусі рыхтаваліся да свята на працягу дзевяці дзён, прымаючы ўдзел у супольнай малітве да Марыі Успамогі, якую арганізавалі ў рэжыме анлайн члены асацыяцыі ADMA-сям’я з парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Мінску. Кожны дзень вернікі, якія не мелі магчымасці маліцца ў святыні, прымалі ўдзел у малітве дома дзякуючы загадзя падрыхтаваным відэаролікам. 

Святочную св. Імшу ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні цэлебраваў кс. Артур Ляшнеўскі SDB. Кс. Артур у гаміліі растлумачыў вернікам значэнне тытулу “Успамога Хрысціянаў”, наблізіў далёкія часы Сярэднявечча, калі Марыя выратавала Еўропу ад мусульманскага нашэсця, больш блізкія падзеі XIX века, калі Марыя выратавала Папу Рымскага ад здзекаў Напалеона. Але не толькі знакамітыя людзі  атрымлівалі дапамогу ад Марыі, да якой звярталіся са словамі: “Марыя Успамога, маліся за нас!”.  Бедныя і адкінутыя грамадствам хлопцы святога ксяндза Боско адчулі Яе абарону і суцяшэнне. Дзякуючы казанню кс. Артура вернікі XXI стагоддзя мелі магчымасць рэальна ўявіць, як некалькі стагоддзяў таму простыя людзі на дзвярах сваіх дамоў выразалі словы “Марыя Успамога, маліся за нас!”. Рэхам гучала гэтая простая малітва ў сэрцах смаргонцаў у дажджлівы і золкі майскі дзень.

У гэты дзень традыцыйна члены Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў аднавілі свае абяцанні асаблівай формы хрысціянскага і грамадскага жыцця, прысвечанага Марыі Успамозе, і на знак падзякі за прыналежнасць да Асацыяцыі і за дапамогу Марыі прынеслі Ёй кветкі. 

Усе салезіяне ў гэты дзень сведчылі аб матчыным клопаце Марыі, таму ў кожным салезіянскім касцёле, араторыі, сям’і гучалі акты аддання Марыі Успамозе. Кс. Артур Ляшнеўскі SDB, с. Ірына Барцэвіч FMA, с. Вераніка Блізнюк FMA, с. Валянціна Кот FMA і с. Юлія Клевец FMA аддалі сябе пад апеку Марыі Успамогі Хрысціянаў і, ускладаючы ружы да ног Марыі, сведчылі аб сваёй гатоўнасці мужна выконваць тую місію, да якой былі пакліканы ксяндзом Боско і Марыяй Успамогай.

Фотаздымкі – Анастасія Субко 

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Загадваю вам, каб з ахвотаю неслі свой крыж, як хоча таго Святая Божая Воля. Нясіце яго з радасцю і ведайце: як мінае час, так міне і ваш крыж.

Св. Ян Боско