Нядзеля, 10 Май 2020 19:31

Паслугі лектарату і акалітату прынялі семінарысты з салезіянскай супольнасці на Крочэтта ў Турыне. Сярод іх - два беларуса

Аўтар

 Салезіянскую (семінарыйную) фармацыю можна параўнаць з дарогай, а паслугі з’яўляюцца абавязковымі крокамі на ёй для дасягнення мэты, якой ёсць святарства. Салезіянін, кандыдат да святарства, на тэалагічным перыядзе адукацыі ў семінарыі (тэалагічным інстытуце) паглыбляе свае адносіны з Касцёлам, вывучае багаслоўе, каталіцкую тэалогію, а таксама развівае любоў да Слова Божага і здольнасці прапаведавання яго сучаснаму маладому чалавеку дзякуючы гамілетыцы. Салезіяне ў гэтым моманце фармацыі пазнаюць думкі Айцоў Касцёла, усведамляюць сутнасць касцёльных дагматаў і падрыхтоўваюцца да справавання сакрамэнтаў.

Падчас кожнага года багаслоўя салезіяніну, кандыдату да святарства, удзяляюць наступныя паслугі:

  • лектарат;
  • акалітат;
  • дыяканат;
  • прэзбітэрат.

 Магчыма, нехта спытае: а што гэта за паслугі і якая ў іх функцыя? Менавіта цяпер я хачу прыблізыць іх да вас і растлумачыць, чым яны з’яўляюцца і якое маюць значэнне.

 

Лектарат

 Касцёл, устанаўліваючы лектараў ад імя ксяндза біскупа, давярае ім чытаць фрагменты са Святога Пісання (не з Евангелля), усеагульную малітву ці рэспансарыйны псальм падчас літургіі. У супольнасці Божага люду лектар атрымлівае асаблівую пасаду, таму што дапамагае абвяшчаць веру, якая мае свае карані ў Божым слове. Чытаючы Божае слова падчас літургіі, лектар выхоўвае дзяцей і дарослых у веры і падрыхтоўвае іх да годнага прыняцця сакрамэнтаў.

 Важнай задачай у гэтай паслузе з’яўляецца тое, каб Божае слова, якое абвяшчаецца, было зразумелым для слухачоў. Для гэтага неабходна, каб лектар быў добра падрыхтаваны, з выпрацаванай тэхнікай чытання, добрай дыкцыяй і ўменнем правільна ставіць націскі. Паслуга лектара не абмяжоўваецца толькі абвяшчэннем Божага слова іншым – лектар павінен сам вылучацца любоўю да Святога Пісання. Лектар павінен знаходзіць у ім радасць і моц, быць паслухмяным Святому Духу, каб тое пасланне, якое ён абвяшчае, спачатку прыняць і пільна разважаць над ім ў сваім сэрцы, а пазней абвяшчаць вернікам і быць верным інструментам прысутнага ў гэтым слове Хрыста. Нельга чытаць вернікам словы, якія мы самі не ведаем, а гэта вельмі лёгка можна распазнаць. Мы павінны жыць тым, што абвяшчаем. Слова, якое абвяшчаем, павінна стаць нашай уласнасцю, і толькі тады мы можам дзяліцца ім з іншымі.

 

Акалітат

 Гэта слова паходзіць ад грэчаскага akolouthos – “той, хто суправаджае, ідзе за кімсьці”. Пра акалітаў мы ведаем здаўна, бо згадванні пра іх можна адшукаць у першых стагоддзях. Тады яны выконвалі такія функцыі: заносілі св. Камунію хворым, падчас папскіх Імшаў на знак адзінства заносілі частку кансэкраванага Эўхарыстычнага хлеба ў касцёлы пад Рымам, насілі святло (свечкі, паходні) падчас працэсіі і ўрачыстых св. Імшаў і мелі яшчэ некалькі іншых функцый, звязаных са службай падчас літургіі.

 Акалітат з’яўляецца чарговым крокам на шляху да святарства. Акалітат ўстаноўлены для таго, каб служыць ля алтара і дапамагаць святарам і дыяканам пры ажыццяўленні сакрамэнтаў, асабліва Эўхарыстыі, якая з’яўляецца вяршыняй і вытокам, таму што дзякуючы ёй Божы люд развіваецца і расце. Кожны акаліт павінен імкнуцца глыбей перажываць Эўхарыстычную Ахвяру і па яе ўзоры фарміраваць уласнае жыццё.

 Кандыдатура (дыяканат і прэзбітэрат)

 Цяпер гэтая паслуга акрэсліваецца як прыняцце кандыдатаў у дыяканат і святарства. Аднак так было не заўсёды, таму што перад II Ватыканскім Саборам гэтая паслуга, якая называлася субдыяканат, належыла да пасвячэнняў.

 Гэты чарговы крок на шляху паклікання, якім з’яўляецца кандыдатура, не што іншае, як публічнае пацвярджэнне свайго паклікання, гатоўнасць прысвяціць сябе службе Богу і людзям. Кандыдат, які выказаў жаданне атрымаць пасвячэнне дыяканату або прэзбітэрату, ведае патрэбы Касцёла і гатовы адказаць на заклік Хрыста словамі прарока Ісаі: “Вось я, пашлі мяне” (Іс 6, 8). Кандыдаты вучацца ўсё больш аддана жыць паводле Евангелля і ўмацоўваюцца ў веры, надзеі і любові. Кандыдаты да пасвячэнняў дыяканату і святарства патрабуюць малітвы духавенства і вернікаў, каб належным чынам падрыхтавацца да такога вялікага задання, якое іх чакае.

 9 мая ў салезіянскай супольнасці на Крочэтта ў Турыне (Італія) падчас Імшы, якую ўзначаліў кс. Марэк Хжан (don Marek Chrzan), адбылося ўдзяленне паслуг лектарату і акалітату.

 У якасці кандыдатаў на прыняцце былі прадстаўлены семінарысты ў колькасці дваццаці аднаго чалавека: восем кандыдатаў — да паслугі лектарату і трынаццаць — да паслугі акалітату, прычым два кандыдаты родам з Беларусі: Марк Найдзіч і Міхаіл Радзевіч. Шматлікія вернікі з Беларусі сачылі за гэтым набажэнствам праз інтэрнэт.

 Падчас гаміліі святар засяродзіўся на галоўных функцыях лектарату – слове Божым і акалітату – Эўхарыстыі. Кандыдат, які атрымоўвае паслугу лектарату, павінен кожны дзень паглыбляць свае веды ў слове Божым і ўцелаўляць яго ў жыццё. А кандыдат, які атрымлівае паслугу акалітату, павінен яшчэ глыбей пазнаваць таямніцу Эўхарыстыі.

 Для кожнага маладога салезіяніна, які вывучае багаслоўе, гэта падзея з’яўляецца вельмі важным і надзвычайна адказным крокам ў служэнні людзям і Касцёлу, а таксама на шляху да святарства.

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Будзь радасным, але няхай гэтая радасць будзе шчырая, якая зыходзіць з усведамлення, вольнага ад граху. Нашаю апораю з’яўляюцца радасць, малітва і святая Камунія

Св. Ян Боско