Панядзелак, 03 Люты 2020 22:27

Салезіянская сям'я Смаргоні ўрачыста адзначыла ўспамін св. Яна Боско

Аўтар

31 студзеня – асаблівая дата для салезіянскай сям’і ўсяго свету, бо менавіта ў гэты дзень нарадзіўся для вечнага жыцця ў Небе св. Ян Боско. Парафія св. Міхала Арханёла ў Смаргоні пачала святкаванне напярэдадні ўрачыстасці набажэствам “Транзітус”. Вернікі перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам разважалі над апошнімі момантамі жыцця св. Яна Боско, яго словамі, настаўленнямі і ўчынкамі. 

На наступны дзень уся салезіянская сям’я Смаргоні сабралася на ўрачыстую Святую Імшу, каб аддаць пашану свайму апекуну і заснавальніку св. Яну Боско. Падчас Эўхарыстыі салезіяне супрацоўнікі аднавілі свае абяцанні надалей жыць у еднасці і служэнні Богу і моладзі ў салезіянскай харызме. Таксама былі прыняты два новыя аніматары, а чатыры аніматары аднавілі абяцанні.

1 і 2 лютага у смаргонскім араторыі імя св. Яна Боско, які дзейнічае пры парафіі св. Міхала Арханёла, быў прастаўлены мюзікл аб жыцці і дзейнасці св. Яна Боско “Айцец і настаўнік”. Мюзікл стаў сапраўдным святам песні, танца і тэатра ў гонар любімага святога, падрыхтаваны пад кіраўніцтвам кс. Артура Ляшнеўскага SDB і с. Юліі Клевец FMA.

Праз спектакль арганізатары жадалі прыблізіць да гледачоў постаць св. Яна Боско. Падчас мюзікла святы паказваецца ў маладым узросце, у сярэдніх гадах і ў глыбокай старасці. Твор распачынаецца з апавядання пра жыццё сучаснай моладзі. Маладыя людзі баваць час пад мастом, куды да іх  прыходзіць кс. Боско і распявадае ім пра сваё жыццё. Паступова апавяданне становіцца жывым тэатрам, у якім мы бачым малога Янка і вялебнага ксяндза Яна Боско. У канцы спектакля ксёндз Боско абвяшчае зацвярджэнне салезіянскага Таварыства Рымскім Папам. Скончваецца мюзікл словамі кс. Боско, які прызнаецца, што цяпер ён жыве ў сваіх салезіянах.

Мюзікл меў сапраўдны поспех – гледачы не толькі з захапленнем глядзелі на сцэну, але таксама не хавалі слёз і не стрымлівалі апладысментаў для акцёраў.

На свяце былі падведзены вынікі і адбылося ўзнагароджванне ўдзельнікаў і пераможцаў турніра па мікра-футболе III адкрытыга кубка салезіянскага араторыя імя св. Яна Боско, у якім прынялі ўдзел 9 каманд.

На працягу двух дзён свята ў араторыі праходзіла выстава малюнкаў “Сон з 9 год”, прысвечаная сну маленькага Яна Боско. Ацаніць малюнкі мог кожны прысутны. Па выніках галасавання былі выбраны пераможцы, якія атрымалі каштоўныя падарункі ад пробашча парафіі кс. Алега Жураўскага SDB.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Пан Бог чакае нашых спраў і дае сродкі, каб іх выканаць. Хто працуе для дасягнення Божай мэты, той мае права на гэтыя сродкі і можа быць упэўнены, што дасягне яе

Св. Ян Боско