Панядзелак, 03 Люты 2020 22:06

У Мінску адзначылі ўспамін св. Яна Боско

Аўтар Аліна Сінькевіч
У Мінску адзначылі ўспамін св. Яна Боско Фотаздымкі Марыі Белянскай

2 лютага мінская парафія св. Яна Хрысціцеля, якая знаходзіцца ў Серабранцы, мела двайное свята. Дзве цудоўныя ўрачыстасці - Ахвяраванне Пана і ўспамін святога Яна Боско - з'ядналі ў малітве ўсю салезіянскую сям'ю і вернікаў парафіі.

Святкаванне распачалося ўрачыстай Святой Эўхарыстыяй. Падчас казання кс. Алег Каралёў SDB распавядаў пра св. Яна Боско, які поўнасцю ахвяраваў сваё жыцце дзеля моладзі, шукаў і ратаваў заблуканыя душы маладых людзей, руйнаваў сцены зла і нянавісці. Ян Боско праз сваю адданасць і любоў даваў зразумець маладому чалавеку, што Нябесны Айцец яго любіць кожны дзень і кожную хвіліну.

Другая частка святкавання адбылася ў араторыі св. Яна Боско, які дзейнічае пры парафіі. Уся салезіянская сям'я прычынілася да падрыхтоўкі святочнага мерапрыемства: вернікі прыходзілі з салодкімі пачастункамі, моладзь сустракала радаснымі ўсмешкамі, а дзеці - вясёлым гоманам.

Прыгожыя нумары, падрыхтаваныя да свята, адлюстроўвалі салезіянскі дэвіз на 2020 год: "Добры хрысціянін - сумленны грамадзянін". І маленькія дзеці з крэатыўнай тэатральнай пастаноўкай, і міністранты з іскрамётным спевам, і салезіяне супрацоўнікі, і парафіяльныя суполкі з вялікай адкрытасцю і радасцю, наследуючы харызму св. Яна Боско, падаравалі прысутным цудоўны настрой. Усе па-сапраўднаму адчулі сябе адной вялікай сям'ёй, імя якой - салезіяне.

Сцэнарый усяго свята падкрэсліваў: сцены зла ў жыцці маладога чалавека важна своечасова зруйнаваць, каб ён быў упэўнены, што Нябесны Айцец заўсёды будзе шукаць і любіць сваё ўмілаванае дзіця.

Напрыканцы пробашч парафіі кс. Аляксандр Мятліцкі SDB звярнуўся да ўсіх прысутных з традыцыйным слоўкам, у якім падкрэсліў велізарнае значэнне Ахвяравання Пана: Езус поўнасцю ахвяраваўся Нябеснаму Айцу, пайшоў на крыж дзеля збаўлення чалавека. Праз сваё служэнне, поўнае невымернай любові, Езус руйнуе сцены зла, якія існуюць у нашым паўсядзённым жыцці: у адносінах паміж людзьмі, у іх сем'ях, на працы, у звычайным асяроддзі. Кс. Аляксандр звярнуў увагу прысутных на тое, што Езус праз сваю Асобу дае зразумець людзям, наколькі моцна Айцец Нябесны мілуе кожнага чалавека. Езус, як добры пастыр, заўсёды шукае сваіх авечак сярод зла і нянавісці і жадае прывесці іх у поўны любові і шчасця Нябесны дом.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Усе нашы здольнасці і намеры, уся наша праца і цярпенні, усе намаганні будуць мець сэнс толькі тады, калі мы будзем рабіць гэта на хвалу Бога

Св. Ян Боско