Чацвер, 02 Студзень 2020 19:16

Зімовыя вакацыі з Богам прайшлі ў Мінску

Аўтар

У араторыі імя св. Яна Боско пры парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Мінску з 26 па 28 снежня адбываліся вакацыі з Богам. Дзеці і падлеткі працягвалі разважаць над тэмай “Разам з Янам Боско крочым і дайсці да Неба хочам”, якую распачалі падчас восеньскіх вакацый. На гэты раз разважалі над юнацтвам святога Яна Боско.

На працягу трох дзён дзеці абмяркоўвалі тэмы працы і сяброўства: праца, якая з’яўляецца білетам у Неба, і сяброўства, якое з’яўляецца скарбам. Дзеці таксама атрымлівалі дамашняе заданне, якое павінны былі выканаць разам з бацькамі: знайсці думкі святых пра працу і напісаць дзесяць запаведзяў сяброўства. Падчас гурткоў удзельнікі вакацый маглі падрыхтаваць якісьці падарунак або святочную паштоўку для сваіх родных ці сяброў.


Апошні дзень атрымаўся вельмі незвычайным для ўдзельнікаў. Ужо раніцай дзецям былі прапанаваны цікавыя эстафеты, якія былі звязаны з жыццём святога Яна Боско. Потым адбылася святая Імша і аплаткавая сустрэча дзяцей Мінска-Магілеўскай архідыяцэзіі з біскупам Юрыем Касабуцкім.


Завяршыліся вакацыі тэлепраграмай, якая дапамагла ўдзельнікам успомніць усё, што яны перажывалі і пазнавалі падчас усіх вакацый, падзяліцца сваімі ўражаннямі і выказаць словы падзякі адзін аднаму за цудоўны час, праведзены разам. Падчас слоўка с. Дар’я Еўтухоўская FMA расказала гісторыю з жыцця святога Яна Боско, якая распавядала пра аднаго сябра, з якім ксёндз Боско дзяліў усё напалам, і пажадала ўсім знайсці і мець такога сябра, а таксама не забываць аб галоўным сяброўстве ў жыцці кожнага хрысціяніна – сяброўстве з Езусам.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Хто ведае, што яго любяць, той таксама любіць.

Св. Ян Боско