Распачалася сустрэча са святой Імшы, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр.
З навукай да кансэкраваных асобаў звярнуўся біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. У сваіх разважаннях біскуп Аляксандр закрануў тэму ўстрымання і важнасці гэтай цноты ў манаскім жыцці. На падставе біблійных прыкладаў іерарх падкрэсліў, да якіх непрыемных наступстваў можа прывесці адсутнасць устрымання.
Абапіраючыся на жыццё і пасланні святога Апостала Паўла, біскуп вызначыў тры накірункі жыцця ў радасным устрыманні.
Першы з іх заклікае кансэкраваных асобаў прысвяціць сваё манаскае жыццё нястомнаму ўзрастанню ў святасці. “Усё мне можна, але не ўсё карысна, усё мне можна, але нічым не дам сябе зняволіць!”
Другі накірунак прапануе прысвяціць сваё манаскае жыццё нястомнаму ўзрастанню ў духоўным жыцці. “Якая будзе карысць чалавеку, калі ён увесь свет здабудзе, а душу сваю згубіць?”, - у падтрымку гэтага накірунка біскуп Аляксандр прывёў словы святога Мацвея.
Трэці накірунак заклікае прысвяціць сваё манаскае жыццё таму, каб Слава Божая ўзрастала ў жыцці кансэкраваных асобаў, а таксама ў жыцці тых, да каго яны пасланыя.
Пасля святой Імшы ўсе перашлі ў будынак араторыя св. Дамініка Савіо, дзе і адбылася працоўная сустрэча.
Спачатку шаноўных біскупаў і ўсіх прысутных прывітаў старшыня Каардынацыйнай групы ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Святар пазнаёміў удзельнікаў з планам сустрэчы і перадаў слова Апосталькаму нунцыю Габару Пінтэру і адказнаму за пастырства Інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця пры ККББ біскупу Аляксандру Яшэўскаму SDB.
Прадстаўнік Папы звярнуў увагу на тое, што для манаскіх асобаў сведчанне ў свеце з’яўляецца прароцтвам і заданнем ад Бога, бо, узіраючыся на іх жыццё, людзі запальваюцца і вучацца шматлікім цнотам. Кансэкраваныя асобы павінны быць добрым прыкладам, мець надзею, штодня добра выконваць свае абавязкі, выхоўваць моладзь, развівацца і інвеставаць у сваё ўласнае развіццё, каб быць гатовымі служыць. Таксама арцыбіскуп Габар узгадаў словы Папы Францішка, скіраваныя да манаскіх асобаў: “Трэба выкарыстоўваць глыбіню, праўду і прыгажосць Бога”.
Каардынацыйная група ў сваю чаргу падзякавала Апосталькаму нунцыю Габару Пінтэру, які ў хуткім часе завяршае сваё служэнне ў нашай краіне, за адкрытасць на супрацоўніцтва і дапамогу.
На сустрэчы былі абмеркаваныя шматлікія моманты дзейнасці Каардынацыйнай групы, узаемаадносін і супрацоўніцтва паміж манаскімі супольнасцямі. Таксама запрошаныя спецыялісты высветлілі для сабраных некаторыя юрыдычныя моманты дзейнасці.