Аўторак, 12 Лістапад 2019 08:14

Удзельнікі “Савіо-клуба” Мінска і Смаргоні правялі сумесную сустрэчу

Аўтар

8 і 9 лістапада хлопцы і дзяўчаты “Савіо-клуба” Мінска і Смаргоні сустрэліся ўпершыню разам, каб адпачыць і ўзбагаціцца духоўна. Гэтыя два дні сталі для іх добрай нагодай, каб пабыць разам, лепш пазнаць адзін аднаго, а таксама бліжэй пазнаёміцца з асобай св. Дамініка Савіо.

Сустрэча адбывалася ў салезіанскім араторыі імя св. Яна Боско ў Смаргоні, які дзейнічае пры мясцовай парафіі св. Міхала Арханёла.
Напачатку дзяцей прывіталі кс. Артур Ляшнеўскі SDB, с. Юлія Клявец FMA і аніматары. Пасля супольнага абеда дзецям было прапанавана пазнаёміцца і незвычайна прывітаць адзін аднаго.

Галоўнай падзеяй першага дня быў квэст па пошуку німба, які страціў св. Дамінік Савіо. Атрымаўшы ліст ад святога і настаўленне ад аніматараў, “савікі” пабеглі насустрач прыгодам. Святасць далася ім нялёгка – праз загадкі, кемлівасць, арыентаванне, а таксама шматлікія конкурсы мэта была дасягнута. Пасля квэста ўдзельнікі “Савіо-клуба” пайшлі на святую Імшу, каб разам памаліцца, праславіць Бога і папрасіць аб неабходных ласках для суполкі. Вечарам усе з цікавасцю паглядзелі фільм “Заплаці ўперад” на вялікім экране. Па салезіянскай традыцыі дзень быў завершаны трыма “Вітай, Марыя” і слоўкам на добрую ноч.

На другі дзень адбылося абмеркаванне фільма. Таксама ўспомнілі ў гэтым кантэксце і жыццё св. Дамініка Савіо, які з’яўляецца галоўным прыкладам для кожнага ўдзельніка клуба. Асабліва звярнулі ўвагу на яго моцную сувязь з Богам і сапраўдную дапамогу патрабуючым. Далей дзецям было прапанавана прыдумаць тры канкрэтныя ўчынкі, з дапамогай якіх яны могуць змяніць свет вакол сябе. Усе ідэі “савікі” павінны былі прадставіць у выглядзе калажа. Ідэй было шмат – збіраць смецце, адмовіцца ад кішэнных грошай для патрэбы бедных, арганізоўваць гульні для аднакласнікаў на перапынках, першаму ўсміхацца тым, хто побач, і іншыя. Пасля такога мазгавога штурму хлопцы і дзяўчаты з запалам пагулялі ў вялікую гульню “Настольны футбол на падлозе”, пазнаёміліся і вывучылі гімн “Савіо-клуба”, а таксама схадзілі памаліліся на могілкі за памерлых.

Пасля супольнага абеда і заключнай малітвы ўсе удзельнікі “Савіо-клуба” падзякавалі аніматарам араторыя за смачна прагатаваную ежу і развіталіся з надзеяй на хуткую новую сустрэчу.

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Нараканні робяць сэрца халодным

Св. Ян Боско